Прадаць нырку, каб выжыць


«Кожны дзень я прачынаюся з думкай: дзе ўзяць грошай? За што сёння купіць хлеб? Як аплаціць электраэнергію? Як аплаціць камуналку?»

«Я гатовы адну нырку ахвяраваць у гэтай краіне для жыцця».

Запісаць і выкласці ў інтэрнэт відэаролік аб сваёй праблеме. Гэткае рашэнне для 38-гадовага Дзяніса Барсукова з Рэчыцы сталася апошняй надзеяй. Тры гады мужчына стаяў на ўліку на біржы працы, але ўсё, што яму прапаноўвалі, – вакансіі грузчыка. Пры выкананні фізічнай працы Дзянісу станавілася кепска. Хуткая забірала ў шпіталь.

«Тры разы мяне звольнілі паводле стану здароўя з грузчыка. А цяпер іншай працы, яны кажуць, паводле стану твайго здароўя – не маем. Таму я перастаў хадзіць. Месяц я не хаджу. І яны цяпер прыслалі паперу, што мяне з цэнтру занятасці знялі з уліку. Кажуць, налета можаце стаць», – кажа жыхар Рэчыцы Дзяніс Барсукоў.

Дзяніс Барсукоў пакутуе на цэлы шэраг хваробаў. Сярод іх хранічныя: сардэчная недастатковасць, артэрыяльная і лёгачная гіпертэнзія, цыроз печані – сведчаць медычныя даведкі. У групе інваліднасці, аднак, адмовілі. Рашэнне Дзяніс абскардзіў, яго паўторна накіравалі на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (МРЭК), але ў шпіталь не кладуць ужо паўгода. Бо там каронавірусныя хворыя.

– Каб атрымаць накіраванне ў Гомельскую абласную бальніцу пры вашай згодзе вам неабходна звярнуцца да загадчыцы паліклінікай Кудзянчук. І ваш нумар указаны.

– Дык давайце вы заўтра патэлефануеце.

– Дык што заўтра? Колькі можна чакаць ужо?

Няма працы і пенсіі па інваліднасці – няма і даходаў. На сёння ў Дзяніса больш за 200 рублёў запазычанасці за святло. Судовыя выканаўцы ўжо прыходзілі апісваць ягоную сціплую драўляную хату. Пры гэтым мужчына ашчаджае на неабходным – ежы і леках.

«Вось лекі. Колькі. Дык гэта я самыя танныя і простыя купляю. І тое – купляю, калі грошы ёсць, іначай у мяне не выходзіць іх піць».

Праблема Дзяніса Барсукова – не адзінкавая, сцвярджае праваабаронца Леанід Судаленка. У ягонай практыцы былі як выпадкі, падобныя да сітуацыі Дзяніса, гэтак і такія, калі МРЭК пастанаўляў забраць у хворых статус інваліднасці або замяніць адну групу іншай.

«Усё гэта выцякае з заганнай практыкі дзяржавы, калі дзяржава не хоча павялічваць колькасць інвалідаў і ў сувязі з гэтым выплочваць грошы з падаткаў. Як дамагацца? Трэба дамагацца. Калі ў чалавека відавочныя захворванні, а дактары яму не даюць, прайсці вось гэтыя ступені абскарджання і пайсці ў суд і ўсё ж даказваць», – мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Дзяніс жа пакуль адчаяўся чакаць шпіталізацыі ды новага паседжання камісіі. На знак пратэсту заявіў, што адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, бо тут медычныя чыноўнікі ігнаруюць ягоныя праблемы са здароўем, а ўлады – не могуць забяспечыць грамадзянаў працоўнымі месцамі.

Юлія Лабанава, «Белсат»