Пра «народнага карасіка» Якуба Коласа. Як працуе моўная служба «Белсату»?


Ад самога пачатку існавання нашага каналу на «Белсаце» існуе адмысловая моўная служба, што не толькі пільнуе памылкі, але і робіць нашую мову больш сакавітай. Амаль усе тэксты, ды нават гэты, што я цяпер чытаю ў камеру, праходзяць праверку нашых калегаў. Трохі ўнутранай кухні тэлебачання ў чарговым матэрыяле.

У 2018 годзе моўная служба «Белсату» спраўдзіла 8 тысяч 200 старонак. Для ўяўлення аб’ёмаў – гэта чатырнаццаць трылогіяў «На ростанях» Якуба Коласа ці ажно дзевяць раманаў «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча. Штодня на хуткую моўную дапамогу прыходзіць больш як пяцьдзясят запытаў. А пачыналася ўсё з таго, што нашаму тэлеканалу трэба было вызначыцца з моўнымі стандартамі.

«Ёсць тарашкевіца, класічны стандарт, але мы вырашылі, што будзем выкарыстоўваць больш сучасную беларускую мову, толькі не такую канцылярскую. І таму, каб пільнаваць стандарт, звярнуліся да калегі Змітра Саўкі, вядомага мовазнаўцы, на жаль памерлага. Які ўжо сам запрасіў вельмі таленавітых і пісьменных дзяўчат», – распавядае Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату».

Цяпер гэта пяць асобаў, якія штодня працуюць у тры змены! Абслугоўваючы не толькі інфармацыйную рэдакцыю, але і нашыя праграмы. У гэткім загружаным рытме, вядома, здараюцца і смешныя рэчы.

«Найбольш нас смешаць не нейкія граматычныя памылкі, а памылкі друку. Аднойчы я памятаю, калега падзялілася, што хтосьці назваў Якуба Коласа – «народным карасікам»! Мусіў быць «класік», вядома, але «карасік» гучыць лагодна і вельмі прыемна», – успамінае лінгвістка Алена Талапіла.

Каб розных «карасікаў» ды праблемаў з канчаткамі было менш, быў створаны электронны сэрвіс «Добрапіс», які ўжо каторы год дапамагае пазбягаць памылак у беларускамоўных тэкстах.

«Ім карыстаюцца далёка не толькі журналісты «Белсату». Мы пастаянна трымаем кантакт праз пошту з гледачамі. Яны задаюць пытанні, на якія не мае адказу «Добрапіс». Там ужо нядрэнная база. Таксама атрымліваем водгукі ад перакладчыкаў, якія карыстаюцца праверкай арфаграфіі ды базай імёнаў», – дадае Алена Талапіла.

Дадайце «Добрапіс» ва ўпадабаныя старонкі і больш ніколі не чырванейце ад сораму – dobrapis.belsat.eu. Журналісты «Белсату» кажуць:

«Моўная служба вельмі патрэбная – калі б яе не было, шмат бы хто з калегаў пісаў з памылкамі, а пасля людзі б казалі: што вы тут, двоечнікі? А так закідваем моўнікам, нашым тэкстам давяраюць, і тэксты на вельмі высокім узроўні!»

«Вельмі прыемна, што за табой нехта можа сачыць, спраўдзіць і прывесці тэксты да адной формы белсатаўскай. Гэта вельмі важна».

«Вось бульбу ўжо, здаецца, выкапалі, а ў працэсе капання знаходзяцца яшчэ і яшчэ новыя бульбіны – гэтак і з моўнай службай. Здаецца, тэксты ўжо прыгожыя, а яны робяць іх яшчэ лепшымі!»

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu