Порт у Ніжніх Жарах: эколагі і мясцовыя супраць


Беларусь рыхтуецца да пабудовы воднага шляху Е-40, ад Чорнага да Балтыйскага мора. Канал праз Украіну, Беларусь і Польшчу дазволіць істотна зменшыць кошты грузаперавозак і створыць новыя працоўныя месцы. Але на месцах будаўніцтва інфраструктуры не заўжды ўлічвае жыцці людзей. На мяжы з Украінай улады рыхтуюць пабудову рачнога порту «Ніжнія Жары» проста на месцы сарака жылых дамоў і надзелаў.

Сямʼя Федарэнкаў жыве на самым беразе Дняпра, на мяжы з Украінаю. Самыя пабудавалі дом 20 гадоў таму. Калі даведаліся, што на гэтым жа месцы плануюць зрабіць порт, былі непрыемна здзіўленыя.

«А ніхто ўвогуле не задаволены гэтай справай, ніводны чалавек. Навязуць сюды ўгнаенняў, увогуле апошні куточак забрудзяць». – кажа мясцовы жыхар Мікалай Федарэнка.

Паводле нацыянальнага агенцтва інвестыцыяў, у Ніжніх Жарах плануюць пабудаваць не толькі порт, але і яхт-клуб з базай адпачынку. Пад гэта вылучаць надзел больш як на 350 гектараў. Дняпром плануюць спраўляць нафтапрадукты ў краіны Чарнаморскага рэгіёну. Каб зрэалізаваць гэтую ідэю, найперш давядзецца паглыбіць Дняпро.

«Грошай няма адкапаць, паглыбляць. Трэба ж падымаць глей увесь гэты, ападкі радыеактыўныя, якія аселі», – абураецца мясцовы жыхар Уладзім Раянок.

Два гады таму зʼявілася акцыянернае таварыства «Белпорт «Ніжнія Жары» з юрыдычным адрасам у вёсцы. Аднак офіс дагэтуль зачынены. Дырэктар паведаміў, што праект пад порт ужо ёсць, але ён канфідэнцыйны. І ўсё ўпіраецца ў мясцовыя ўлады.

«Мне яны павінны прапанаваць зямельны ўчастак, я пакуль у чаканні. Ужо яны 6–8 месяцаў займаюцца гэтым. Канкрэтнай даты ў мяне няма», – кажа дырэктар «Белпорт «Ніжнія Жары» Гюрсэль Шэнтурк.

У Брагіне ўчора абмяркоўвалі схему комплекснай арганізацыі Брагінскага раёну разам з рачным портам. Эколагі наагул прапаноўвалі выкрасліць са схемы порт.

«Пасадка парта вырашаецца асобным праектам, які будзе распрацоўвацца і ацэньвацца з экалагічнага пункту гледжання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», – кажа Алена Паўлава з БелНДІГорадабудаўніцтва.

А кіраўніцтва раёну пра будучы порт выказваецца вельмі неахвотна.

«Каментар тут будзе кароткі. Заключанае інвестыцыйнае пагадненне, і пакуль ідзе адвядзенне зямлі», – кажа намеснік старшыні Брагінскага Райвыканкаму Юрый Лукʼяненка.

Пойму ракі Днепр пяць гадоў таму прызналі асаблівай ахоўнай тэрыторыяй міжнароднага значэння. Увесну тут спыняецца багата вадаплаўных птушак, у тым ліку і чырвонакніжных. Эколагі і мясцовыя перакананыя: будаўніцтва порту нашкодзіць прыродзе. Да таго ж у планах уладаў – правесці чыгунку ад Хойнікаў да порту ў Ніжніх Жарах.

«У сувязі з тым, што там адсутнічае чыгунка, то будаўніцтва гэтага порту як мінімум узрастае на 100 мільёнаў долараў. Гэта дастаткова вялікія ўкладанні, якія, на нашае меркаванне, акупяцца не раней чым праз 40 гадоў», – кажа Канстанцін Чкалаў з грамадскай арганізацыі «Багна».

Паводле Міністэрства транспарту, паглыбленнем дна ракі ля вёскі Ніжнія Жары будзе займацца ўкраінскі бок.

«У другой палове 20 года збіраюцца арганізаваць прамеры існых глыбіняў і абвесціць тэндар на днопаглыбляльныя працы», – кажа Уладзіслаў Талах з украінскага інстытуту будучыні.

Порт у Ніжніх Жарах – частка вялікага праекту Е40, які злучыць Балтыйскае і Чорнае мора. Для гэтага трэба паглыбіць Дняпро, Прыпяць, Буг ды пабудаваць шлюзы. Аднак эколагі трох краінаў ужо некалькі гадоў рашуча выступаюць супраць праекту.

Наста Кахановіч, «Белсат»