Помста за сумленне


Быў міліцыянтам, цяпер – падсудны. У Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітычнага зняволенага Дзмітрыя Кулакоўскага. Пасля выбараў ён напісаў рапарт аб зваленні, а неўзабаве яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Былы начальнік крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Дзмітрый Кулакоўскі аддаў міліцыі амаль чатырнаццаць гадоў. 18 жніўня на знак нязгоды з гвалтам сілавікоў ён падаў рапарт аб звальненні. 6 кастрычніка яго затрымалі. Спачатку былому міліцыянту далІ 12 содняў нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Потым накінулі яшчэ 15. На Акрэсціна Дзмітрыя Кулакоўскага трымалі ў карцары і змушалі спаць седзячы на стуле.

«Гэта для органаў унутраных спраў навука. Яны намагаюцца паказаць, што можа быць, якое пакаранне можа быць для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у выпадку выхаду з МУС альбо падачы рапартаў», – упэўнены сваяк палітзняволенага Віктар.

Пасля вызвалення былы афіцэр міліцыі спрабаваў з’ехаць за мяжу, але ізноў быў затрыманы. Цяпер яго судзяць за нібыта абразлівы каментар супраць сілавіка. Сваёй віны падсудны не прызнае.

«Мы з мужам прытрымліваемся меркавання, што яно цалкам сфабрыкаванае. Ніякіх доказаў, якія могуць штосьці даказаць альбо абвергнуць, няма. Гэта проста яму помста за яго погляды і нежаданне выконваць загады, якія яму б не хацелася выконваць», – падкрэслівае жонка Дзмітрыя Юлія Кулакоўская.

Праваабаронцы прызналі Кулакоўскага палітзняволеным. Цяпер у Беларусі 187 палітычных зняволеных. Паводле Генеральнай пракуратуры, крымінальныя справы ўзбуджаныя супраць больш як дзевяцісот удзельнікаў пратэстаў. Між тым заканчваецца тэрмін, калі следчыя мусяць прыняць рашэнні аб ўзбуджэнні ці адмове ва ўзбуджэнні крымінальных справаў паводле скаргаў грамадзянаў на катаванні з боку сілавікоў. Аднак папраўкі да крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якія набылі моц на пачатку студзеня, дазваляюць разглядаць гэтыя справы неакрэслены тэрмін.

«Дадзеная норма ў пэўнай ступені парушае правы не толькі па палітычных справах, але і будзе парушаць і па іншых справах. Тады ў следчых будуць падставы спыняць справы на няпэўны час, калі ёсць рэальнае злачынства, і не расследаваць яго», – адзначае былы следчы, а зараз праваабаронца Алег Воўчак.

Па ацэнках праваабаронцаў скаргі на катаванні ды здзекі з боку сілавікоў у Следчы камітэт і пракуратуру ў паслявыбарчы перыяд скіравалі каля чатырох тысяч чалавек.

Ігар Станкевіч, belsat.eu