Помста выканкамаўцаў


У Горадні стане адным цудам менш. Зачыняецца этнакрама «Цудоўня», дзе пяць гадоў спакойна прадаваліся рамесныя вырабы і вопратка ў нацыянальным стылі, беларускія кнігі, ды агулам квітнела беларуская культура. З «Цудоўняю» разрываюць дамову арэнды.

«Цудоўня», як і шмат якія гарадскія ўстановы, не працавала 26-га кастрычніка на знак салідарнасці з агульнабеларускаю забастоўкаю. Пасля гэтага ў памяшканне зачасцілі правяранні з міністэрстваў надзвычайных сітуацыяў ды антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У выніку – скасавалі ўмову арэнды.

«Гэта апасрэдаваны ціск на мяне праз іншых людзей. То бок праз тых, у каго я памяшканне здымаю. Нават я не магу сказаць: хто, што… на нас насеў, таму што інфармацыя ў такой форме, што я са свайго ракурсу ўвогуле канцоў не бачу», – дзеліцца ўладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч.

Пад хвалю штрафаў, правяранняў, адмоваў у арэндзе і нават закрыцця трапілі ўстановы па ўсёй краіне, якія з розных прычынаў не працавалі 26-га кастрычніка. У тым ліку і гарадзенскі бар «Несцерка». Што на гэта гарадзенцы?

«Людзям без працы сядзець прыйдзецца. Што потым рабіць?! Эканоміка таксама падрываецца».

«Караць за меркаванне – гэта няправільна».

«Несправядліва! У нашай Канстытуцыі прапісана, што мы маем правы! Права голасу і свабоды выбару таксама».

«Ну ў нас шмат што несправядліва, таму… усё »нармальна«»

«Цудоўня» працягне дзейнасць як інтэрнэт-крама. Аднак, паводле ўладальніка, «Цудоўня» – гэта не проста крама, а пляцоўка, дзе ладзяцца імпрэзы, прысвечаныя беларускай культуры: гістарычныя лекцыі, прэзентацыі кніг, музычныя выступы, майстар-класы. Таму работнікі будуць старацца як мага хутчэй вярнуцца ў офлайн-фармат.

Каця Малей, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!