Помста прадпрымальнікам. Улады зачыняюць тых, хто баставаў


«Партал». Гэтае месца гарадзенцы ведаюць як пляцоўку для развіцця і адпачынку. Сюды яны завітвалі выпіць кубак кавы ці гарбаты, пачытаць кнігу, наведаць лекцыю ці згуляць у настольную гульню. Цяпер крэатыўная прастора – пакуе і распрадае рэчы.

«Мы 26-га чысла баставалі, і праз дзень да нас прыйшла першая заўвага: чаму не паведамілі? Пасля праз недзе дзён пяць нам прыйшло паведамленне: да 7-га пакіньце [памяшканне], вы парушылі ўмовы арэнды», – кажа сустваральнік цэнтру адпачынку і развіцця «Партал» Іван Петушок.

Гаворка ідзе пра невялікую запазычанасць за ацяпленне. Гэткая сітуацыя ў цэнтру, што шмат чаго робіць на грамадскіх пачатках, узнікала і раней. Прадпрымальніку ішлі насустрач: давалі адтэрміноўку і дазвалялі аплачваць часткамі.

«У нас была такая ідэя: змагацца да канца. Аднак, з іншага боку, мы зразумелі, што не прыйдзе ЖРЭП – прыйдуць пажарнікі, не прыйдуць пажарнікі – прыйдзе санстанцыя. Там лічбы зусім іншыя, і мы вырашылі, што лепш мы пяройдзем у онлайн, будзем праводзіць свае праекты далей, адстойваць сваю пазіцыю, толькі без магчымасці нас жорстка пакараць», – распавёў сустваральнік цэнтру адпачынку і развіцця «Партал» Іван Петушок.

Гарадзенскія ж крамы з розным асартыментам «Цудоўня» і «Кубік» зазналі аднолькавыя праверкі – ад пажарнікаў і органу антыманапольнага рэгулявання і гандлю, – ды амаль аднолькавыя штрафы. Першая – прадае вырабы беларускіх майстроў. Другая – настольныя гульні.

«Колькі гадоў працуе крама, ніколі не было ніякіх праверак, і пытанне тое, што, да прыкладу тое ж самае МНС, калі рабілі маніторынг, то гэта дзеля таго, каб знайсці заўвагі і даць выправіць іх, а яны потым адразу прыйшлі з паперай пажадання закрыцця і далі штраф 15 базавых», – распавёў уладальнік крамы «Кубік» Антось Янкоўскі.

Прадпісанні да закрыцця – адсутнасць бэджу, кутка спажыўца, цэнніка на некалькіх таварах, вогнетушыцеля і ня пройдзеныя курсы пажарнай бяспекі. Гэтыя заўвагі прадпрымальнікі выправілі за содні ды пакуль што працягнулі працаваць. Іншым – пашанцавала менш. Вымушаныя былі зачыніцца нават гандлёвыя сеткі, вядомыя ў цэлай краіне.

«Амаль уся дробная прадпрымальніцкая супольнасць атрымала ў плечы. Пачынаючы ад «Карсараў», да якіх адным з апошніх дайшла санэпідэмка, санэпідэмка – «Карыца», ужо даволі гучная бяда «Растка», не зразумелая прычым, «Оz by», «Мегатоп», – кажа уладальнік крамы «Цудоўня» Андрэй «Нортан» Несцяровіч.

Прадпісаннямі службы праверкі спыняюць дзейнасць крамаў на некалькі месяцаў. Аднак для дробных бізнесоўцаў гэта часам азначае – згубіць сваю справу: аднавіць бізнес праз матэрыяльныя страты становіцца ўжо немагчыма.

Юлія Лабанава, «Белсат».