«Полымя міру» Еўрагульняў азарыла Менск... каб згаснуць!


3 дні застаецца да пачатку Еўрапейскіх гульняў. За гэты час у розных кутках беларускай сталіцы можна будзе пабачыць галоўны сімвал спартовага свята – «Полымя міру». Напярэдадні агонь перамогаў урачыста сустрэлі ў цэнтры сталіцы, але ён аказаўся непрадказальны, як зрэшты непрадказальнымі бываюць і самыя спартовыя спаборніцтвы.

Полымя Еўрапейскіх гульняў 46 дзён таму запалілі ў Рыме. За гэты час яно пераадолела больш за 7 тысяч кіламетраў – праз Аўстрыю, Славенію, Вугоршчыну, Чэхію ды Польшчу яно трапіла ў Беларусь і, нарэшце, напярэдадні прыбыло ў беларускую сталіцу. Пад бой барабанаў і адсутнасць апладысментаў полымя занеслі на сцэну ля гарадской Ратушы.

Першым жа сталічным паходняносцам стала Любоў Чаркашына – гонар нашай мастацкай гімнастыкі:

«Вельмі хачу, каб як мага больш людзей зарадзіліся гэтымі эмоцыямі і захавалі іх надоўга. Bright year, Вright you».

Але яркае полымя не паслухала спартоўку: спачатку доўга запальвалася, каб неўзабаве… згаснуць.

Вядоўца імпрэзы: «Хтосьці дунуў напэўна моцна ў гэты час…» Атрымалася з другой спробы. Вядоўца імпрэзы: «Грамчэй, грамчэй!»

Падзея – грандыёзная. Так кажуць улады і дзяржаўныя медыі, але гледачоў прыйшло не так шмат для двухмільённага Менску:

«Мы прыйшлі сюды выпадкова. Ха-ха! Я за алімпійскімі гульнямі не сачу, за Еўрапейскімі тым больш».

«Праходзіў выпадкова. Бачу такі сход народу, прыйшоў паглядзець, што тут будзе».

«Другія Алімпійскія гульні – вось прыйшлі паглядзець мерапрыемства, што будзе адбывацца».

Не Алімпійскія, а Еўрапейскія гульні. Назву блытаюць, а ці ведаюць, якія 15 відаў спорту будуць прэзентаваныя на спаборніцтвах?

«Я нават не ведаю, якія віды спорту, але гледзячы па абразкі, будзе дзюдо, бадмінтон, веласіпеднае нешта – не ведаю».

«Веласпорт і баскетбол».

«Веславанне… нам падабаецца веславанне – развітыя рукі, плаванне таксама».

«Напэўна ў мяне фех… фехтаванне. Гэта мой больш-менш спорт, які я гляджу, люблю», – распавядаюць жыхары Менску.

А тым часам полымя Гульняў павандравала далей: Любоў Чаркашына перадала паходню народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Гасцюхіну, у той у сваю чаргу – іншым знакамітасцям.

Цягам наступных дзён «Полымя міру» асвеціць розныя куткі Менску: як сталічныя прадпрыемствы, гэтак і паркі. Завершыць сваё падарожжа «агонь перамогаў» на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама».

«Прыходзьце на адкрыццё і пабачыце, як факел агню напоўніцца полымем Еўрапейскіх гульняў».

Да старту Другіх Еўрапейскіх гульняў засталося роўна тры дні.

Вольга Старасціна, belsat.eu