Польскія палітыкі выказалі падтрымку беларусам


Вольная Варшава для вольнай Беларусі. Напярэдадні асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах суседняя Польшча зарганізавала акцыю салідарнасці з беларусамі.

Да помніку Тадэвуша Касцюшкі ў Варшаве завіталі каля сотні беларусаў.

«Я выступаю за вольную Беларусь. Я вельмі хачу, каб у нас урэшце адбываліся выбары».

«Я падтрымліваю сваіх сваякоў. Я там нарадзіўся. Па нацыянальнасці я паляк, жыву ў Польшчы, але бачу, што там адбываецца. І хачу, каб гэта змянілася. Хачу прыняць у гэтым актыўны ўдзел, у гэтых зменах да лепшага».

«А я родам з Украіны, у мяне таксама польскія карані. Жыву ў Варшаве, але беларусаў заўжды падтрымліваў, бо, калі ва Украіне быў Майдан, то мы там бачылі таксама беларускія сцягі, бел-чырвона-белыя».

Арганізатарамі акцыі выступіла парламенцкая група польскага Сейму ў справах Беларусі і Беларускі дом у Варшаве.

«Мэта гэтай акцыі – прадэманстраваць салідарнасць беларускім палітвязням, беларускаму народу. У яго імкненні здабыць свабодныя выбары, у яго імкненні захаваць беларускую незалежнасць», – распавёў кіраўнік беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

«Мы хацелі, каб паступіў сігнал салідарнасці, падтрымання і сяброўства. Мы цэнім і шануем тое, што адбываецца ў Беларусі, гэтае вялікае народнае абуджэнне», – кажа віцэ-старшыня парламенцкай групы польскага Сейму ў справах Беларусі Міхал Шчэрба.

– Вялікая акцыя, якую анансаваў Валер Цапкала, адбылася таксама ля беларускай амбасады ўчора. Вы прысутнічалі на ёй? Якія ў вас уражанні?

«Я была на гэтай акцыі і таксама прыехала крыху пазней. Чакала, што Валер Цапкала выступіць, але ён не выступаў, як я пазней даведалася. Я думала, што, магчыма, прапусціла ягоную прамову», – распавяла ўдзельніца акцыі ў Варшаве Дар’я Высоцкая.

«Пелі песенькі і верылі, што мы пераможам!», – распавёў удзельнік акцыі ў Варшаве Мікалай Сілюк.

У Варшаве вялікая колькасць людзей стаяла ў чэргах, каб зарэгістравацца тут на выбарчых участках.

«Я стаяла ля амбасады двое содняў, гэтак і не зарэгістравалася, але заўтра я выязджаю з дому а 5:00 раніцы, а 6:00 я буду каля амбасады, каб прагаласаваць», – распавяла адна з удзельніц акцыі.

Бел-чырвона-белы сцяг будзе лунаць над Варшаваю не толькі сёння, але і заўтра. На знак салідарнасці будынак Палацу культуры і навукі падсвецяць у колерах беларускага нацыянальнага сцяга.

Юлія Лабанава, «Белсат»