Планы развіцця гарадоў-спадарожнікаў не спраўдзіліся


Актывісты Фаніпалю ліставанне з уладамі ў пытаннях развіцця гораду вядуць рэгулярна. Нядаўна адстойвалі апошнюю лесапаркавую зону.

«На месцы гэтага лесу павінен быў стаяць дом шматпавярховы. Гэта значыць, лес павінны былі высекчы, і гэта неяк нелагічна. У нас у Фаніпалі не так шмат такіх зялёных насаджэнняў», – расказвае жыхарка Фаніпалю Святлана Брылеўская.

Дзяржынскі райвыканкам паабяцаў план забудовы перагледзець.

«Яны пагадзіліся з нашымі прапановамі, пайшлі насустрач. У новым праекце гэты дом будзе стаяць па краі гэтага лесу, і лес абяцаюць захаваць. Трэба будзе, калі будоўля будзе ісці, адсочваць, каб не атрымалася, што яны адступяць ад гэтага праекту. Праўда, праект яшчэ таксама не зацверджаны», – кажа Святлана Брылеўская.

За апошні час жыхары стваралі калектыўныя звароты за развіццё грамадскага транспарту, павелічэнне месцаў ва ўстановах адукацыі, будаўніцтва спартовых пляцовак. Цяпер вось патрабуюць адрамантаваць двары і дарогі.

«Гэта вуліца Леніна, якая звязвае цэнтральную частку гораду з мікрараёнам Паўднёвы. Гэта стала штуршком для напісання калектыўнага звароту. І да нас сталі звяртацца людзі з іншых двароў і вуліцаў», – дзеліцца жыхар Фаніпалю Міхаіл Мацюшэўскі.

Міхаіл – мясцовы актывіст, ён вырас у Фаніпалі, цяпер тут растуць трое яго дзяцей.

«Дзецям даводзіцца стаяць некалькі гадоў, чакаць, каб трапіць у дзіцячы садок. Школы таксама. Калі я вучыўся, у нас было чатыры паралелі, цяпер гэта ўжо восем паралеляў. Фаніпаль як быў 30 гадоў таму, так і застаўся. А насельніцтва яго вырасла практычна ў два разы», – кажа Міхаіл.

Фаніпаль стаў спадарожнікам паводле ўказу прэзідэнта № 214. Увайшлі ў спіс Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск і Смалявічы. Планавалася перасяліць за МКАД каля 60 тысяч менчукоў, але пераехалі не больш за 200 менскіх семʼяў. Чаму буксуе праграма развіцця?

«Перадусім, не хапае сродкаў. Не хапае ініцыятываў. Людзі на месцы звычайна баяцца. Спакуса насадзіць на не зусім гатовыя інжынерныя сеткі сацыяльную інфраструктуру, шмат жылля, квадратных метраў для справаздачы яна была заўсёды», – лічыць былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Віктар Карніенка.

Паводле эксперта, важна будаваць не толькі інфраструктуру, але і змяняць адміністратыўную прыналежнасць гарадоў-спадарожнікаў.

«Павінна быць нейкая адміністрацыйная залежнасць паміж гарадамі-спадарожнікамі і сталіцай. Я нешта яе зусім не заўважаю. Павінны быць нейкія ўзаемныя праграмы, кантакты, сталічны бюджэт мусіць укладацца ў развіццё спадарожнікаў», – кажа Карніенка.

Пакуль што Менскі аблвыканкам не рвецца фінансаваць гарады-спадарожнікі. Стварыць гарады з паўнавартаснай інфраструктурай і новымі працоўнымі месцамі. Менавіта такую задачу ставіла дзяржаўная праграма будаўніцтва. Яшчэ ў 2010 годзе.

Алена Дубовік, «Белсат»