Планы прэтэндэнтаў на прэзідэнта за месяц да галасавання


Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца роўна месяц. Не гледзячы на арышты ды непрызнаныя подпісы, патэнцыйныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі працягваюць змагацца – і не толькі за рэгістрацыю кандыдатамі, але і за… свабоду.

Працягнулі тэрмін перабывання ў карцары за нібыта павуцінне на столі. Скаргу Сяргея Ціханоўскага на пакаранне ў менскім СІЗА сёння разглядаў суд Маскоўскага раёну сталіцы. Жонка блогера і патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская пакінула паседжанне, не дачакаўшыся рашэння.

«Людзі што, пераменаў баяцца? Усе хочуць і ўсе баяцца? Дык а што, адзін Ціханоўскі мусіў быў гэта рабіць? Дык ён сядзіць. Што, усё? Канец краіне?», – кажа прэтэндэнтка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Блогера ў суд не прывезлі, а паседжанне зрабілі закрытым. Сяргей Ціханоўскі – пад следствам паводле крымінальнай справе аб нібыта ґвалце ў дачыненні міліцыянта.

«Людзі, змешчаныя пад варту, на перыяд папярэдняга расследавання, яшчэ не ёсць вінаватымі. Яшчэ не вынесенае пакаранне суда, яшчэ не прызнаны ў патрэбе выпраўлення і перавыхавання. Таму мы лічым, што несправядліва ўжываць любыя папраўчыя захады», – кажа адвакат Сяргея Ціханоўскага Наталля Міцкевіч.

Чарговую скаргу Сяргея Ціханоўскага – аспрэчванне 15-цідзённага арышту за непадпарадкаванне міліцыі – разгледзелі сёння ў Гарадзенскім абласным судзе. Рашэнне таксама адмоўнае. За чатыры апошнія дні разгледзелі ажно дзевяць адміністратыўных справаў у дачыненні паплечнікаў Сяргея Ціханоўскага.

«Вынесеныя содні, ад пяці да пятнаццаці содняў арышту кожнаму. Гэта і дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП, і непадпарадкаванне працаўнікам міліцыі», – распавёў праваабаронца Раман Юргель.

У СІЗА перабывае і іншы прэтэндэнт на прэзідэнцтва – Віктар Бабарыка. Ягоны адвакат падаў хадайніцтва аб ягоным пераводзе пад хатні арышт.

«І так бачна, што гэта палітычна матываваны пераслед, гэта яўна ў гэтай сітуацыі, калі людзі высоўваліся ў прэзідэнты, і гэта асноўная прычына таго, што яны аказаліся за кратамі сёння», – мяркуе палітолаг Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Яшчэ адзін фаварыт прэзідэнцкай гонкі, Валер Цапкала, не зважаючы на прызнанне толькі 75 тысяч подпісаў з сабраных ініцыятыўнаю групаю 160 тысячаў, мае намер абскардзіць рашэнне. Аднак не самога ЦВК, а сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

«Мы разумеем, хто гэтыя людзі, мы ведаем іхныя імёны і прозвішчы, і мы ўсе ў індывідуальным плане і ў калектыўным будзем падаваць у суд для таго, каб аспрэчыць іхнае рашэнне. Паказаць, што гэтыя людзі фальсіфікавалі волевыяўленне выбарнікаў», – распавёў прэтэндэнт на прэзідэнцтва Валер Цапкала.

Калі ж дамагчыся рэгістрацыі не ўдасца, Валер Цапкала мае намер аб’яднацца з іншымі кандыдатамі або заклікаць грамадзянаў да байкоту галасавання 9 жніўня, калі пасля 14 ліпеня не застанецца дэмакратычных кандыдатаў. Абраць далейшую стратэгію для сябе іншы вылучэнец – Сяргей Чэрачэнь – запрапанаваў грамадзянам. То бок прагаласаваць на адмысловым партале «Чеделать.бел» за зняцце сваёй кандыдатуры з выбараў ці далейшы ўдзел у кампаніі.

Юлія Лабанава, «Белсат»