Пікет Святланы Ціханоўскай у Слуцку адмянілі


Замест пікету – затрыманні. У Слуцку АМАП затрымаў некалькі чалавек ля пляцоўкі, дзе меўся адбыцца мітынг з удзелам Святланы Ціханоўскай.

«Нам выдзелілі вось такую пляцоўку, замест таго каб выдзеліць райвыканкам, далі такое месца дзе не збярэцца і тысячы чалавек».

«Тэхніку тут нагналі, а дзе яны будуць выступаць? Звычайна сцэну ўсталёўваюць нейкую. Нічога не бачна, людзі ходзяць туды-сюды», – кажуць жыхары Слуцку.

Перад пачаткам пікету ля Моладзевага цэнтру сабраліся некалькі соцень чалавек. Але пляцоўка аказалася агароджаная турнікетамі, туды падагналі будаўнічую тэхніку, на даху будынку пачалі рамонт.

«Узнікла вельмі тэрміновая неабходнасць правесці рамонтныя працы на месцы пікета і міліцыя не зможа забяспечыць ахову нашага пікету. Таму выбачайце, па незалежных ад нас прычынах мітынг адмяняецца, дзякуем, што вы хацелі прыйсці нас падтрымаць», – адзначыла ў відэазвароце Святлана Ціханоўская.

Гэта не першы адменены пікет кандыдаткі на прэзідэнцтва. Учора не адбыўся мітынг у Стоўбцах: на стадыёне нібыта здарылася аварыя. Мітынг-канцэрт у Менску, прызначаны на 6 жніўня, таксама пад пагрозаю. Заяўку на акцыю на плошчы Бангалор у гэты дзень штаб падаў яшчэ ў сярэдзіне ліпеня, цяпер жа ўлады Савецкага раёну сталіцы абвесцілі пра ўрачыстасці ў гонар Дня чыгуначных войскаў. Таму штаб Ціханоўскай паскардзіўся ў ЦВК на тое, што Менскі гарвыканкам парушае Выбарчы кодэкс, – паведаміла прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна:

«Паколькі мы падалі першымі, то мы патрабуем па=першае, разабрацца ў гэтай сітуацыі. Па-другое, у нас праходзяць выбары – усяго тры тыдні раз на пяць гадоў. Нам выдзелілі ўсяго шэсць пляцовак для агітацыі. У гэты час чамусьці ў парку Дружбы народаў прызначаюцца нейкія мерапрыемствы, дзень чыгуначных войскаў, якія не маюць ніякага дачынення да выбарчай кампаніі і выбараў».

Ганна Красуліна адзначыла, што штаб не плануе пераносіць мітынгу, прызначанага на 17 гадзіну, ды заўважыла: чыгуначнікі ніякім чынам мітынгу не перашкодзяць – мітынгоўцы з задавальненнем павіншуюць іх са святам. Праўда, самых чыгуначных войскаў у Беларусі не існуе з 2006 года. Засталася толькі асобная чыгуначная брыгада.

Напярэдадні стала вядома, што ў парку Дружбы народаў, дзе культурніцкіх імпрэзаў раней не ладзілі, канцэрты запланаваныя на ўвесь тыдзень. Уначы сцэну, якую мясцовыя ўлады паставілі ў парку, падпалілі невядомыя.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»