Аб'ектыў 16.04.2019 Петыцыю супраць пластыкавых кветак падпісалі больш за тысячу чалавек


Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Спецыялізаванага камбінату камунальна-бытавога абслугоўвання Сяргей Тур сцвярджае: штогод пасля святаў на сметнік вывозяць каля пяцісот тонаў пластыкавых кветак. Тэрмін іх раскладання – ад ста да пяцісот гадоў. Другаснай апрацоўцы яны не падлягаюць. Супраць іх рэгулярна выступаюць нават святары.

Настаяцель царквы свяціцеля Кірылы Тураўскага ў Менску, святар Уладзімір Далгаполаў кажа:

«У штучных кветках адчуваецца фальш. Усё ж такі жывая кветка прыносіцца на могілкі як сімвал выдатнага жыцця, якое створанае Богам».

Дык адкуль пластыкавыя кветкі ў нас з’явіліся ўвогуле? Яўген Філімонаў, старшыня ГА «Экаманіторынг», распавядае:

«Увесь рынак пластыкавых кветак – кантрафактны рынак. Гэтыя кветкі паступаюць сюды незаконным і нелегальным спосабам. Магчымасці іх кантраляваць, пералічыць – няма аніякай».

Мода на пластыкавыя кветкі ўзнікла на постсавецкай прасторы ў дзевяностыя. У Беларусь іх прывезлі прадпрымальнікі першай хвалі з Кітаю. З-за сваёй таннасці штучныя кветкі прыжыліся ў нас надоўга.

«Відавочна, кветкі гэтыя таннейшыя за жывыя. Прасцей іх набыць і паставіць на месяцы два-тры, чымся жывыя ты закупіш за рублёў дзесяць, і яны будуць стаяць дзень-два», – тлумачыць Алена Галецкая, прадавачка штучных кветак.

Але нават прадаўцы пластыкавых кветак разумеюць іх шкоднасць.

«Ну, гэта кітайскія, як яны іх робяць, як яны іх фарбуюць, якімі фарбамі, мы ж гэтага не ведаем. Шкодзяць яны экалогіі? Ну цяпер усё шкодзіць экалогіі. То, можа быць, яны і маюць рацыю, што жадаюць іх забараніць», – кажа спадарыня Алена.

Петыцыя з прапановаю забараніць продаж пластыкавых кветак з’явілася 4 красавіка, і на сёння яе падпісалі онлайн больш за тысячу трыста чалавек. Але як да гэтага ставяцца мінакі офлайн?

«Вымушаныя набываць пластыкавыя кветкі, бо альтэрнатывы жывым кветкам проста ніхто не прапаноўвае».

«На могілкі трэба ставіць жывыя. Пластыкаваю тару – так, згодны. А пластыкавыя кветкі – не».

«Ну, калі Еўропа ідзе да згортвання продажу пластыкавай упакоўкі, то чаму б і нам не задумацца? Мы ж так самі, груба кажучы, какаем пад ногі гэтымі кветкамі», – мяркуюць жыхары Горадні.

Але і нашая краіна ідзе ў тым жа кірунку. Сёлета Лукашэнка падпісаў дырэктыву аб адмове ад поліэтыленавых пакункаў з замяшчэннем на экалагічна бяспечную, то бок са шкла ці паперы. Гэтак і з кветкамі: эколагі раяць садзіць на могілках непатрабавальныя жывыя расліны. Маўляў, прыгожа, танна і не шкодзіць наваколлю.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu

Фота: belsat.eu

petitions.by

Глядзі таксама
Каментары