Аб'ектыў 11.01.2019 Першы сабака на вазку з’явіўся ў Гомлі


Чатыры гады таму невядомы гомельскі кіроўца збіў бадзяжнага шчанюка. Сабака трапіў у ветэрынарную лякарню. Але ўжо праз некалькі тыдняў жыхарка Гомлю Жанна Пікоўская забрала яго да сябе:

«Мы са сваёй сяброўкай Валянцінай, якая таксама любіць жывёлінаў і дапамагае ім, сталі яго лекаваць. А потым у інтэрнэце людзі сабралі грошы на інвалідны вазок, і праз месяц ён прыйшоў да нас з Кіева».

Вазок, які каштаваў крыху больш за 200 долараў, жыццёва неабходны для Марціна. Бо, паводле заключэння ветэрынараў, хатні гадаванец не можа перамяшчацца самастойна.

«Увогуле людзі падыходзяць шмат, кажуць: Дзякуй вам, дзякуй, што ўратавалі сабаку, і, бывае, нават грошы перадаюць. Рэдка, але бывае», – кажа Жанна.

Жанна працуе медычнаю сястрой у гарадской паліклініцы і лічыць сваім абавязкам дапамагаць не толькі людзям, але і жывёлінам. Ужо пятнаццаць гадоў яна бярэ дадому выключна бадзяжных катоў і сабак:

«У мяне дэвіз па жыцці: актыўным быць файна! Бо, ратуючы душы жывёлінаў, мы выпраўляем свае».

У Беларусі востра стаіць праблема бадзяжных жывёлінаў. Дакладнай статыстыкі не існуе, але, паводле ацэнак заабаронцаў, штогод на вуліцах краіны адлоўліваюць 70 000 сабак і катоў. За мяжою ж ёсць гуманныя альтэрнатывы.

«У выглядзе беззваротнага адлову жывёлаў, іх стэрылізацыя і размяшчэнне ў сістэме дзяржаўных прытулкаў. Дадзеныя прытулкі па Германіі маюць прыватны характар», – гаворыць Ганна Толчыкава, заабаронца ініцыятывы «Мы з табой у адным доме».

Як жа можна яшчэ развязаць праблему бадзяжных жывёлінаў, мы запыталі жыхароў Гомля:

«А вырашаць гэта павінен нехта наверсе: бо ў нас (ні ў мяне, ні ў вас, ні ў некага простага смяротнага) такіх паўнамоцтваў няма».

«Стэрылізаваць напэўна ў першую чаргу. У любы час ёсць людзі, якія іх вельмі любяць і дадуць ім абарону, якая ім неабходная».

«Вядома, прытулак патрэбны. Ну і ва ўсялякім выпадку ў Гомлі ў нас няма такога прытулку».

«Тут, па-першае, павінна быць нейкая прапаганда, выхаванне, пачынаючы з дзяцей. Плюс прытулкі, безумоўна, прытулкі. Магчыма, частка за нейкія валанцёрскія грошы, магчыма, часткова за дзяржаўныя».

У Беларусі дасюль няма дзяржаўнага прытулку для бадзяжных жывёлінаў. Сабакаў ды катоў адлоўліваюць і ўсыпляюць. Клопат пра іх ды лекаванне па-ранейшаму застаецца на плячах валанцёраў.

Наста Рэзнікава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары