Ператрус у студыі Ціханоўскага


У гомельскай фота- і відэа-студыі Сяргея Ціханоўскага міліцыя ўзламала дзверы, там правялі ператрус. Таксама ператрус прайшоў на сямейным лецішчы Ціханоўскіх.

Следчыя пагражалі ягонай маці, што выламяць дзверы, калі яна не прыедзе з Менску. Пра гэта распавяла жонка Сяргея, Святлана Ціханоўская, якая цяпер збірае подпісы, каб зарэгістравацца як кандыдатка на прэзідэнцтва. Ініцыятыўная група Святланы цяпер рыхтуе зварот да міжнародных структураў і да беларускіх сілавікоў, на тэму правакацыяў і ўмяшання ў выбарчы працэс. А таксама яны не супраць узаемадзейнічаць з камандамі іншых прэтэндэнтаў, каб разам супрацьстаяць небяспецы.

«Прэсуюць групу Святланы Ціханоўскай, пачынаюцца наезды і ў бок Віктара Бабарыкі, і Валерыя Цапкала. І на месцы Сяргея Ціханоўскага і ягоных таварышаў можа апынуцца любы чалавек у Беларусі», – патлумачыў «Белсату» Аляксандр Кабанаў – прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

Сяргея Ціханоўскага і чальцоў ягонай каманды затрымалі 29 траўня ў Горадні пасля таго, як жанчына паклікала міліцыянтаў, каб прымусіць актывіста адказаць на яе пытанні. Сёння Ціханоўскага і некалькі ягоных прыхільнікаў перавялі ў следчы ізалятар у Менску ў межах крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні міліцыянтаў. Ім пагражае да шасці гадоў турмы. Разабрацца з тымі, хто арганізоўвае пратэсты, сілавікам публічна загадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Усіх гэтых майданутых хачу папярэдзіць, што Майдану ў Беларусі не будзе…

…І Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў гэтым плане належыць разам з прэзідэнтам галоўная роля ў абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы», – загадваў Лукашэнка старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку.

У падтрымку Святланы і Сяргея Ціханоўскіх выказаліся іншыя прэтэндэнты на ўдзел у выбарах. Напрыклад, банкір Віктар Бабарыка, які раней казаў пра немагчымасць масавых фальсіфікацыяў на выбарах, цяпер сцвярджае, што ў Горадні адбыліся правакацыя і незаконнае затрыманне. Таксама ён змяніў меркаванне і пра мэтазгоднасць увядзення адзінай валюты з Расеяй.

«Суверэнітэт і незалежнасць Беларусі – непарушная каштоўнасць. Цяпер я не бачу ніякіх перадумоваў нават для абмеркавання пытання аб адзінай валюце», – заявіў Віктар Бабарыка.

У тым жа кірунку рыторыку пра дзеянні ўладаў і прарасейскасць змяніў і былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала. Але ўсе публічныя заявы на выбарах робяцца перадусім для палітычнай барацьбы, падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч:

«Кандыдат не хоча адштурхоўваць ад сябе ні прыхільнікаў Расеі, ні прыхільнікаў Еўразвязу».

Гэтак будучыя кандыдаты рэагуюць на грамадскія настроі, а большасць грамадства хоча незалежнасці Беларусі, мяркуе эксперт:

«Дзяржаўныя медыі і сам Лукашэнка спрабуюць выштурхнуць сваіх апанентаў у расейскі бок, паказаць іх як расейскіх агентаў, прадстаўнікамі расейскіх сілаў, агентаў Крамля».

Ці стануць сёлетнія выбары пачаткам радыкальных зменаў? Вось што кажуць жыхары і госці Гомля:

«Будзе наш Аляксандр Рыгорыч. – А справядліва пераможа? – Думаю, што не».

«Заўжды верыць чалавек у лепшае. Спадзяемся, што штосьці зменіцца. Што – будзем глядзець».

«Што зменіцца, невядома. Але як было – ужо не будзе».

Якраз у Гомлі на паркінгу гандлёвага цэнтру сёння праводзіў сустрэчу з выбарцамі Віктар Бабарыка. Усім, хто прыйшоў без медычных масак, іх раздавалі на ўваходзе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»