Ператрус у менскім офісе «Белсату» – чарговая спроба «навесці страху на журналістаў»


Зранку людзі ў масках пачалі грукаць у дзверы ды патрабаваць адчыніць кватэру, дзе месціцца офіс «Белсату». Ратавальнікі збіраліся ўскрываць дзверы балгаркаю, тады журналіст Мікола Дзябёла пастанавіў уратаваць маёмасць ад шкоды і ўпусціў следчых. Панятых праваахоўнікі прывезлі сваіх.

«Супрацоўнікі Следчага камітэту павінныя суадносіць, што яны робяць. Адна справа, калі яны штурмуюць нейкі штаб тэрарыстаў. А другая справа, калі яны хочуць трапіць у офіс журналістаў. Для іх гэта было важна, дэманстрацыя сілы. Паказаць, што мы можам прыціснуць, прыдушыць незалежную прэсу», – мяркуе журналіст Мікола Дзябёла.

Прадстаўнікі Следчага камітэту патлумачылі, што дзеянні праводзяцца ў сувязі з распачатаю справай за паклёп, але не ўказалі, за які сюжэт. Ператрэслі ўсе пакоі, усе рэчы, нават абадралі абшыўку ў прыбіральні.

З офісу сканфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі: камп’ютары, ноўтбукі, флэшкі, вінчэстары з архівамі «Белсату». І ўчынілі сапраўдны гармідар.

Следчыя паабяцалі аддаць рэчы ўласніку памяшкання або ўпаўнаважанай асобе, якая здымае кватэру. Сведка ў крымінальнай справе Аляксей Мінчонак тлумачыць:

«Дзяржава выкарыстоўвае даступныя механізмы. Ёсць крымінальная справа. Чаму б гэтай крымінальнай справай не навесці яшчэ больш страху на журналістаў. Прыйсці ў офіс, канфіскаваць тэхніку, гэта заўсёды прыдаецца, пакорпацца ў гэтай тэхніцы, знайсці нешта цікавае для сябе».

Крымінальную справу паводле артыкулу 188 распачалі ў сувязі з тэкстам пра карупцыю, апублікаваным на сайце «Белсату», у якім памылкова быў згаданы старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў Андрэй Швед.

«Мы адразу далі абвяржэнне. І рэдакцыя, і я асабіста, таксама напісаў да Андрэя Шведа, але, нягледзячы на гэта, ён напісаў заяву на імя міністра Шуневіча, каб прыцягнуць мяне да адказнасці», – кажа Алесь Залеўскі, журналіст «Белсату».

Следчы камітэт здзейсніў правяранне ў гэтай справе і падставаў для крымінальнага пераследу не знайшоў. Аднак у студзені сёлета распачала крымінальную справу ўжо менская пракуратура. Супрацоўнікаў «Белсату» выклікалі на допыты ў якасці сведак.

«Следства валодае ўсёй інфармацыяй у гэтай справе, ведае ўсе падрабязнасці і, напэўна, можа здагадвацца, што ніякай інфармацыі датычна гэтай справы яны не знойдуць. Бо ўсё было даследавана на допытах, усе ўсё распавялі», – мяркуе Аляксей Мінчонак, сведка ў Крымінальнай справе.

Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай і заклікала ўлады Беларусі скасаваць крымінальную адказнасць за паклёп і абразу, спыніць згаданую крымінальную справу аб паклёпе ды вярнуць тэхніку прадстаўнікам тэлеканалу «Белсат». Алег Агееў, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«Гэта не прапарцыйная мера ў дачыненні СМІ, бо насамрэч праца СМІ блакуецца такімі следчымі дзеяннямі. Калі глядзець на тую пагрозу, якая ёсць, нават калі такое злачынства мае месца, то безумоўна блакаваць працу СМІ няма патрэбы».

Незалежна ад пераследу, «Белсат» будзе працягваць працу, бо мы мяркуем, што інфармацыю па-беларуску і без цэнзуры варта несці грамадству, нават калі гэта звязана са штрафамі, затрыманнямі і ператрусамі.

Вольга Чайчыц, belsat.eu