Пераслед журналістаў. «У краіне так кепска, што на нас ціснуць, каб мы гэтага не паказвалі»


У Беларусі не спыняюцца пакаранні за нібыта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Толькі сёння суд Першамайскага раёну Менску пастанавіў спагнаць штрафы з пяці незалежных журналістаў. Усе яны – фрылансэры, што супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам.

Караюць за такія тэмы, якіх не сустрэнеш у дзяржаўных медыях. Журналістцы Любові Лунёвай і аператару Сяржуку Краўчуку кадры з шэсця на «Дзяды» каштавалі ў *наццаць разоў больш, чым можна з іх зарабіць – па 40 базавых велічыняў. Сяргей Краўчук, відэааператар:

«Гэта вельмі значная сума для мяне».

Распаўсюд гатовых матэрыялаў – гэта заўжды справа варшаўскай рэдакцыі тэлеканалу, аднак…

«Нас судзяць за тое, што мы вырабляем гатовы прадукт СМІ (у гэтым выпадку «Белсату») і яго распаўсюджваем нават», – кажа Сяргей Краўчук.

Сёлета ў Беларусі аштрафавалі больш чым 100 журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі. Агульная сума штрафаў набліжаецца да 100 тыс. рублёў. Асабліва шмат паседжанняў прыпадае на снежань, калі міліцыя і чыноўнікі закрываюць гадавы план. Рэкорднае месца ў ім займаюць пакаранні для журналісткі Вольгі Чайчыц:

«Свабода слова – гэта асноўны маркер, які вызначае, што адбываецца з усімі астатнімі свабодамі. І з-за таго, што ў краіне ўсё так кепска, на нас ціснуць, каб мы гэтага не паказвалі».

Паводле сумнавядомага артыкулу 22,9 ч. 2 Крымінальнага Кодэксу «Незаконны выраб прадукцыі СМІ» за супрацу з «Белсатам» сёння аштрафавалі таксама Ірыну Арахоўскую і Сяржука Кавалёва – падчас таго ж шэсця на Дзень памінання продкаў. Учора ж у Гомлі журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын атрымалі пастановы на штрафы з чатырох раённых судоў! Падстава – матэрыялы, якія выйшлі на нашым тэлеканале, пра жудаснае забойства 8-месячнай дзяўчынкі, праблемны жылы дом у Калінкавічах ды пахаванне ахвяраў Другой сусветнай вайны.

У Беларускай Асацыяцыі Журналістаў лічаць, што праз суды дзяржава спрабуе стрымаць рост уплывовасці інтэрнэт-медыяў, каб…

«Максімальна кантраляваць усё, што паказваюць у інтэрнэце. Каб мець магчымасць заблакаваць медыя, ведаць, хто пакінуў той ці іншы каментар. Каб журналісты мелі вялікую долю самацэнзуры, ведаючы, што праз любое парушэнне могуць заблакаваць старонку медыя», – тлумачыць Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У наступныя два гады пройдуць парламенцкая і прэзідэнцкая выбарчыя кампаніі. Пытанне ўплыву на грамадства стаіць рэбрам.

У інтэрнэце гонку аглядальнасці выйграюць незалежныя медыі. Матэрыялы на партале «Тут.бай», старонцы кампаніі БелаПАН і тэлеканалу «Белсат», «Беларускага Радыё Рацыя» і іншых. Журналісты ўсіх гэтых медыяў сёлета зазналі пераслед. Барыс Гарэцкі распавядае:

«Чым больш мы ў сваіх матэрыялах, публікацыях, узгадваем гэтую праблему, тым больш інфармацыя распаўсюджваецца і дзякуючы міжнароднай увазе недзе ўлада будзе сябе ўсё ж стрымліваць у сваіх памкненнях».

Калі вы журналіст ці блогер, і вас затрымалі, варта таксама нагадаць выканаўцам пра артыкул 198 Крымінальнага Кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за перашкоду журналісцкай дзейнасці.

Юлія Цяльпук, belsat.eu