Перапіс распачнецца на наступным тыдні. Што новага запытаюць?


Трэці ў гісторыі незалежнай Беларусі перапіс распачнецца ўжо на наступным тыдні. Чым ён будзе адрознівацца ад папярэдніх, і якія важныя рашэнні будуць прынятыя на яго падставе?

На адмысловым сайце, планшэтах перапісчыкаў або на папяровых анкетах у пунктах перапісу нам прапануюць адказаць на 49 пытанняў. Традыцыйна Белстат запытаецца ў нас пра ўзрост, нацыянальнасць, сямейнае становішча або ўзровень адукацыі. З’явяцца і пытанні, якіх раней не было.

Перапіс насельніцтва будзе спалучаны з рэгулярным сельскагаспадарчым перапісам, таму Белстат запытаецца, што мы вырошчваем на сваім участку. Пацікавіцца ён, ці атрымліваем мы дадатковую адукацыю, а самае галоўнае – ці шукаем працу і ці збіраемся шукаць яе за мяжой.

Жанна Васілеўская, намесніца старшыні Белстату:

«Наколькі насельніцтва працуе там, дзе пражывае, або занятае недзе ў іншым месцы, што стала прычынаю гэтага? Гэта пытанні, якія зробяцца падставай для прыняцця кіроўных рашэнняў».

Якія рашэнні ўрад прыме, калі зафіксуе, што ўсё больш працоўных рук з’язджае за мяжу? Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Шмат людзей з’язджае па большыя грошы, таму лепш было б падняць заробкі тут. Аднак відавочна, што на гэта няма рэсурсаў».

Падчас перапісу ў нас не будуць пытацца пра веравызнанне. Нацыянальны статыстычны камітэт палічыў гэтае пытанне далікатным. Пытанне пра родную мову Белстат далікатным не лічыць. У анкеце яно сфармуляванае дакладна гэтак сама, як дзесяць гадоў таму.

Жанна Васілеўская, намесніца старшыні Белстату:

«Якая мова была першай засвоеная вамі ў дзяцінстве? Другое пытанне: На якой мове вы размаўляеце ўдома, у побыце. Гэтыя два пытанні мы будзем задаваць насельніцтву. Чалавек выбера сам».

Калі 20 гадоў таму 73 адсоткі беларусаў назвалі беларускую мову сваёй роднай, то падчас перапісу 2009 года – толькі 53 адсоткі. Якія высновы зробіць урад, калі ў якасці роднай беларусы пазначаць не мову, з якой сябе ідэнтыфікуюць, а першую засвоеную ў дзяцінстве?

Дзмітрый Івановіч, аналітык статыстычных звестак:

«На падставе звестак перапісу бацькі маюць права патрабаваць павелічэння групаў у дзіцячых садках і павелічэння колькасці класаў, дзе будуць выкладаць на беларускай мове […], калі грамадзяне скажуць: «Окей, родная мова, якую мы атрымалі пры нараджэнні – расейская, але тая мова, на якой мы размаўляем – беларуская».

Аднак такі аптымістычны погляд падзяляюць не ўсе. Алег Трусаў, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы:

«Чым менш адсоткаў назавуць роднай мовай беларускую, тым менш будзе беларушчыны ад рэкламы да чыгункі. […] Калі рыхтавалі захоп Украіны, то глядзелі перапіс. І якраз захапілі Крым, Данецк і Луганск, дзе большасць людзей на ўкраінскім перапісе назвалі роднай мовай расейскую».

Усе праграмы сацыяльна эканамічнага развіцця, падтрымання маладых семʼяў і працаўладкавання, будаўніцтва жытла, дарогаў, паркаў шпіталяў і школаў – урад прымае на падставе лічбаў, якія дае перапіс насельніцтва. Ад перапісу можа залежаць і мова, на якой у гэтых школах будуць выкладаць.

Калі вы хочаце, каб вашыя дзеці вучыліся па-беларуску, а мова нашых продкаў не знікла, то разам з «Белсатам» далучайцеся да кампаніі «Беларускамоўны» – пазначайце нашую мову як родную і тую мову, на якой вы гаворыце ўдома.

Аляксандр Папко belsat.eu