Перахварэў на COVID-19 – ідзі на парад


Ізноў на дзевяць соцень. Колькасць інфікаваных каронавірусам у нашай краіне працягвае расці. Ужо афіцыйна – больш як 21 тысяча заражаных. Але шлях, які абрала Беларусь у барацьбе з эпідэміяй, правільны – чарговы раз заяўляе Аляксандр Лукашэнка. А калі вы ўжо паспелі перахварэць на COVID-19, вас чакаюць на парадзе.

Алена – дачка вайскоўца з Маладзечна – прыехала па даведку пра смерць свайго бацькі. Яму было 67 гадоў.

«Забралі па хуткай дапамозе. І літаральна цягам 12 гадзінаў ён памёр. Запаленне», – распавядае Алена.

За ўсе гады жыцця ў больніцу бацька Алены трапіў упершыню. У яго паднялася тэмпература, стала цяжка дыхаць. Лекары хуткай падазравалі каронавірус. Аднак у даведцы напісана: памёр ад двухбаковай пнеўманіі. І гэта не адзіны выпадак, калі сёлетняй вясною сваякі бачаць у даведках пра смерць аналагічны дыягназ – пнеўманія:

«Пнеўманію пішуць. Вы ж зразумейце правільна. Мы жывём у такой дзяржаве, што ўсё роўна праўды не даведаецеся і не даможацеся яе».

«Медычная ўстанова, патолагаанатамічнае бюро ніякай інфармацыі не ўтойвае. Калі ў чалавека была каронавірусная інфекцыя, яно і прапісваецца ва ўрачэбным пасведчанні пра смерць. Гэта дакладная інфармацыя», – сцвярджае рытуальны агент Іван Кірылаў.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць заражаных каронавірусам у краіне за апошні дзень павялічылася зноў на дзевяць соцень. Агулам інфікаваныя больш як 21 тысяча чалавек. Краіна, ахопленая эпідэміяй, рыхтуецца да святкавання Дня Перамогі. Паводле інфармацыі радыё «Свабода», беларусам, якія перахварэлі на COVID-19 і маюць адмоўны вынік тэсту на каронавірус, тэлефануюць і запрашаюць прыйсці на парад. Аляксандр Лукашэнка таксама быў бы рады бачыць на ўрачыстасці тых, хто адужаў падступную хваробу:

«Бо тыя, хто перахварэў, – гэта людзі, якія перамаглі. І калі хтосьці, я так разумею, з мясцовых уладаў запрасіў гэтых пераможцаў, якія перамаглі гэтую хваробу, я думаю, ім месца на трыбуне мы заўсёды знойдзем».

У змаганні з эпідэміяй мы ідзём правільным шляхам – падкрэсліў кіраўнік краіны і даў чарговы прагноз: пра каронавірус мы забудзем праз месяц. А што наконт абранага шляху думаюць беларусы? Жыхары Менску:

«Дзіўна. Ёсць шлях чалавецтва. Ува ўсіх развітых краінах ён адзін, а тут свой. Незразумела, чаму ён свой. Гэта вельмі дзіўная заява як мінімум».

«На мой погляд, гэта фэйк, і вельмі вялікі – увесь гэты каронавірус. Людзі паміраюць і ад іншых хваробаў».

«У нас дастаткова рызыкоўныя дзеянні. Правядзенне параду ў такіх умовах дастаткова рызыкоўнае і, на мой погляд, неабдуманае».

«У нас ужо 20 гадоў свой шлях. І тое самае цяпер працягваецца. Нічога дзіўнага».

«Белавія» у сувязі з пандэміяй каронавіруса ўводзіць дадатковыя захады. З наступнага панядзелка пасажыры павінныя быць у масках і падчас палёту, і падчас перабывання ў аэрапорце. Інакш у самалёт не пусцяць. Маскі неабходна мець свае.

Насіць маскі ды пальчаткі абавязалі і збіральнікаў подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Адсутнасць ахоўных сродкаў можа стаць падставай у адмове рэгістрацыі кандыдатам на прэзідэнта.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота – president.gov.by