Сёння – у дзень калі пачалося датэрміновае галасаванне дзяржаўныя газеты нарэшце надрукавалі перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты. За што яны выступаюць і што абяцаюць кандыдаты?
Што абяцаюць кандыдаты на прэзідэнцтва? Магчымасць даведацца пра гэта ў кожнага беларуса з‘явілася толькі сёння. У дзяржаўных газетах перадвыбарчыя праграмы апублікавалі ў першы дзень датэрміновага галасавання.
Ці паспелі з імі азнаёміцца выбарнікі? З такім пытаннем нашыя карэспандэнты накіраваліся да выбарчага ўчастку ў Магілёве, аднак сябры камісіі разам з міліцыянтам перашкодзілі:
Міліцыянт: «Добры дзень, прапаршчык міліцыі Рыбкоў, Кастрычніцкі аддзел аховы. Дазвольце ўдакладніць мэту вашага візіту сюды».
Старшыня выбарчай камісіі: «Калі вы прадстаўляеце нейкі сродак масавай інфармацыі – назавіце і пакажыце нам дакументы, якія вас упаўнаважваюць ажыццяўляць здымкі».
І ўсё ж адказы магілёўцаў мы атрымалі:
«Праграм я не ведаю – не цікаўлюся палітыкаю, але галасаваць пайду».
«Знаёміўся. Люблю гэтую тэму, таму што гэта мая будучыня і будучыня маіх равеснікаў».
«Азнаёмілася: вельмі шмат цікавых пунктаў ёсць у кожнага, Лукашэнкі праграму не бачыла, на жаль. Было б цікава прачытаць».
Аляксандр Лукашэнка ў сваёй праграме чарговы раз анансуе змены ў Канстытуцыю ды абяцае, што на рэферэндуме беларусы самі вызначаць свае правы, свабоды і абавязкі. Вырастуць заробкі – удвая цягам пяці гадоў. Але шокавай тэрапіі ў эканоміцы не будзе. Яшчэ адзін тэзіс праграмы – ліквідацыя нафтагазавай і фінансавай залежнасці.
«Яго галоўны мэсідж праграмы – абараніць дасягненні, вынікі дзейнасці, якую ён праводзіў, палітыкі ў розных кірунках, паказаць, што былі нейкія дасягненні, і сказаць, што і далей ён будзе развіваць сацыяльную сферу, падтрымліваць дзяржпрадпрыемствы і так далей», – кажа аналітык BISS Кацярына Шмаціна.
Галоўная мэта Святланы Ціханоўскай – новыя сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў. Разам з тым яна прапануе правесці рэферэндум аб вяртанні да Канстытуцыі 1994 года. Гэта абмяжуе тэрміны прэзідэнцтва і забяспечыць падзел улады. Кандыдатка абяцае вызваліць палітвязняў, зняць бар’еры для бізнесу і сысці ад залежнасці ад газавай або крэдытнай «іголкі».
«Калі мы кажам аб праграмах альтэрнатыўных кандыдатаў – яны ўсе так ці інакш указваюць на хібы дзейснай сістэмы дзяржкіравання і на неабходныя змены ў грамадстве ды дзяржкіраванні, якія трэба правесці», – гаворыць Кацярына Шмаціна.
Андрэй Дзмітрыеў абяцае сфармаваць пераходны ўрад з альтэрнатыўнымі кандыдатамі і правесці прэзідэнцкія ды парламенцкія выбары. А таксама перайсці да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі. Для падтрымання беларускай мовы кандыдат прапануе адкрыць нацыянальны ўніверсітэт і беларускамоўныя школы.
Ганна Канапацкая выступае за адзін прэзідэнцкі тэрмін на 7 гадоў у парламенцка-прэзідэнцкай рэспубліцы, а таксама за выхад з Саюзнай дзяржавы. Да таго ж кандыдатка абяцае ініцыяваць вяртанне дзяржаўнага статусу гербу Пагоня і бел-чырвона-беламу сцягу.
Сяргей Чэрачэнь абяцае дамагчыся бязвізавага рэжыму з ЕЗ, мінімізаваць ролю дзяржавы ўва ўсіх сферах, правесці прыватызацыю і знізіць падатковую нагрузку. Кандыдат таксама выступае за вяртанне гістарычных сімвалаў праз рэферэндум.
Анастасія Русецкая, «Белсат»