Пекла першакурсніка: пошукі жытла ў Менску


У апошнія дні лета здаецца, што цэнтральны вакзал у Менску пашырыў свае межы, выйшаў пад адкрытае неба ў шматлікія двары цэнтральных вуліцаў. Сталіца сустракае чарговую партыю першакурснікаў, якія прыехалі скараць тутэйшыя ВНУ.

«Прыехалі а 9-ай раніцы і што? І нічога! Стаім і чакаем, а чарга не варушыцца!», – кажа студэнтка БДУ, першакурсніца.

Сёлета ўпершыню Міністэрства адукацыі паставіла задачу засяліць усіх першакурснікаў дзяржаўных ВНУ, якія прыбылі ў сталіцу на вучобу. Што праўда, пачынаючы з другога курсу, свой пакой могуць страціць да 70 % студэнтаў.

«Першы курс усім даюць, а другі паводле вучобы, ідзе паводле льготаў, актывісты ці калі ты працаваў», – распавядае студэнтка БДУ, другакурсніца.

Якасць інтэрнэтных пакояў розніцца ў залежнасці ад ВНУ. Найлепшыя ў БДУ – тут блокавы тып, у новых ці пасля рамонту інтэрнатах, дзе ў пакоі жыве 2 навучэнцаў. У іншых дзяржаўных, як правіла, гэтак званы «калідорны» тып з 4-ма асобамі на пакой.

«Не ведаю, не наладжана, неяк вельмі моцна», – кажа бацька першакурсніка.

Але за адзін дзень прайсці неабходныя фармальнасці ды засяліцца ў інтэрнат цалкам рэальна. Пытанне, што далей? Бацькі першакурснікаў пры належным забяспечэнні студэнта кумпяком і бульбаю могуць «улезці» на 250 рублёў на месяц. Роўна ўдвая больш каштуе ўтрыманне студэнта ў Менску без інтэрнэтнага пакою. Апошнія гады ў жніўні арэнда бюджэтнай аднапакаёўкі стабільна трымаецца на ўзроўні 500 рублёў.

«У жніўні яны павышаюцца на 10 %, а ў лістападзе вяртаюцца на ранейшы, больш нізкі ўзровень», – распавялі «Белсату» у агенцтве нерухомасці «Твая сталіца».

Сярэдняя месячная стыпендыя пры добрым навучанні – гэта 100 рублёў.

Але парадокс для бацькоў і саміх студэнтаў у тым, што пры неймаверных высілках цяпер абсалютна немагчыма прадказаць іх эфектыўнасць у будучыні. Толькі трошку больш за палову беларусаў працуюць паводле спецыяльнасці. І гэта пры абавязковым дзяржаўным размеркаванні тых, хто цяпер цешыцца з пакою ў добрым інтэрнаце. Зрэшты прынамсі адная матывацыя для сталічных першакурснікаў вучыцца добра ёсць – гэта шанец не вылецець з інтэрнату на наступны год.

Алесь Залеўскі, «Белсат»