20 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень педыятра. Паразмаўляць аб прафесіі, складанасцях і радасцях з ёй звязаных мы прыйшлі да Святланы Чарняўскай – дзіцячай лекаркі з 50-гадовым вопытам.
Святлана марыла стаць доктаркаю з 3 гадоў, і сёння яна ўпэўненая, што педыятрыя – не тая спецыяльнасць, дзе затрымліваюцца выпадковыя людзі. Прыходзіцца пераадольваць цяжкасці і маральныя, і фізічныя.
«Зімой гэта немагчыма, вельмі цяжка. Па 60–65 чалавек на прыёме і 20–30 выклікаў. Дактары нават і плачуць, фізічна гэта вельмі цяжка», – распавядае Святлана Чарняўская.
Цякучка кадраў у педыятрыі высокая і працягвае расці. Лекары сыходзяць з прафесіі або эмігруюць у іншыя краіны. І ў гэтага – цэлы комплекс прычынаў.
Сышлі з педыятрыі:
у 2017 годдзе – 12,77 % лекараў;
у 2018 годзе – 13,61 % лекараў;
дэфіцыт педыятраў у краіне – 25,7 %
«З’язджаюць. Польшча кліча, Прыбалтыка. Там харошыя грошы. Значна лепшыя за нашы. Тым больш што… Я маю 500, бо ў мяне такі стаж. А моладзь прыходзіць, яна ж на базе, а гэта наагул смешна», – працягвае расповед Святлана Чарняўская, педыятарка.
Але самая сур’ёзная праблема нават не ў заробках і няпростай арганізацыі працы.
«Усе нашыя беды і тое, што мы як абслуга, – гэта наша вышэйшая адміністрацыя, гарадскія камітэты аховы здароўя, Міністэрства аховы здароўя. Бо гэта яны да нас блага ставяцца. Работа, вядома, любімая, і ўсё даводзіцца трываць дзеля дзяцей, дзеля маральнага задавальнення», – дадае Святлана Чарняўская.
Каб праблемаў у звычайнага педыятра было менш, спецыялісты раяць шэраг захадаў. Тлумачыць Аляксандр Сукала, кандыдат медычных навук:
«Першы крок – гэта ўлічваць патрэбы заўтрашняга дня ў выкладанні педыятрыі сёння. Па-другое, дакладна вызначыць палітыку. Калі педыятры бягуць з прычыны складанасцяў на працы і нізкай зарплаты, трэба думаць, як зрабіць так, каб яны не беглі. І трэцяе – патрэбныя добрыя спосабы навучання інавацыям педыятра на працягу ўсяго жыцця».
А якія праблемы айчыннай педыятрыі заўважаюць беларусы?
«Даводзіцца вельмі доўга пад кабінетам чакаць, каб трапіць да доктара».
«У нас цяпер наагул усё добра на 9-м участку».
«Павялічыць колькасць лекараў, каб зменшылася колькасць пацыентаў», – кажуць жыхары Менску.
Што ж да якасці нашай педыятрыі, пра яе сведчаць лічбы. Шмат у якіх медычных рэйтынгах Беларусь займае прыстойныя месцы. Гэтак, паводле ЮНІСЭФ, нашая краіна ўвайшла ў дзясятку краінаў свету з самаю нізкаю дзіцячай смяротнасцю.
Алена Дубовік belsat.eu