Паўстагоддзя без рамонту. Жыхары дому ў Магілёве змагаюцца з уладамі


Паўстагоддзя плацілі на капітальны рамонт, але замест яго жыльцы назіраюць, як іх дом развальваецца. Падобная сітуацыя не толькі ў жыхароў дому на вуліцы Дняпроўскай у Магілёве. Як магілёўцы паказваюць прыклад змагання за ім належнае?

«Паабяцалі вось, вы бачыце, падпісаны пратакол сходу аб тым, што ў спіс аб’ектаў будзем уключаныя на 16-ы год. Сёння ўжо 19-ы год».

Гады зваротаў да чыноўнікаў – ад мясцовага ЖЭСу да Адміністрацыі прэзідэнта – далі станоўчы вынік. На паперы. На справе ж – пакуль што абяцанні. Дом нумар 34А на Дняпроўскім бульвары ў Магілёве ў спіс аб’ектаў, што патрабуюць капітальнага рамонту, уключылі толькі сёлета. Працы не распачалі дагэтуль. Людміла Рыдзеўская, прадстаўніца жыхароў дому 34А:

«Дах – праводзіўся толькі бягучы рамонт. То бок там, дзе цячэ, там прыйшлі і залаталі, праз некаторы час ён зноў цячэ».

Скардзяцца мясцовыя жыхары таксама на цвіль, расколіны і занядбаны фасад будынку. Пытанні і да прыдваравой тэрыторыі. Тут няма дзіцячай пляцоўкі, паркоўкі ды тратуараў, а адрэзак праезджай часткі не заасфальтаваны.

«Цяпер нармальна нібыта, суха. Аднак, калі пройдзе дождж, тут немагчыма прайсці і недзе абысці», – тлумачыць жыхар дому 34А Анатоль Паскевіч.

Не толькі чалавеку не прайсці, але і хуткай не праехаць. Між тым у шматпавярховіку жывуць пераважна пенсіянеры. Добраўпарадкавання яны чакаюць амаль 50 гадоў – ад самага засялення. Аляксандр Кірычэнка, жыхар дому 34А:

«Гэта ордар. Арыгінал. Выдадзены 49 гадоў таму на атрыманне кватэры ў гэтым доме. Дняпроўскі бульвар, 34А, кватэра 30. Медсястра Кірычэнка Галіна Уладзіміраўна. Ну вось, як мы жывем, так нічога тут і не рабілася».

Паседжанне ў пытанні капітальнага рамонту дамоў у горадзе Магілёўскі гарвыканкам правёў сёлета ў лютым. Цягам паўгода меліся ацаніць стан дому, распрацаваць праектную дакументацыю і ўзгадніць план з жыхарамі. Дамагчыся дакументаў ад чыноўнікаў – не ўдаецца, распавядае прадстаўніца жыхароў дому на Дняпроўскім бульвары.

«Калі датычыць нас, простых смяротных, нам заўсёды заяўляюць: няведанне закону не вызваляе ад яго выканання. А чаму ж вы, ведаючы закон, атрымліваючы за гэта заробак, займаючы адказныя пасады, чаму вы не хочаце рабіць так?» – абураецца прадстаўніца жыхароў дому 34А Людміла Рыдзеўская.

Намеснік дырэктара аддзелу капітальнага рамонту ў Магілёўскім гарвыканкаме ў тэлефоннай размове з «Белсатам» паведаміў, што дакументацыю яшчэ распрацоўваюць. Пасля чаго абвесцяць тэндар для будаўніча-рамонтных кампаніяў. Сяргей Зяцькоў, аддзел капрамонту Магілёўскага гарвыканкаму:

«Ну, зараз распрацоўваецца праектная дакументацыя. Распрацоўвае Ленінскае ЖРЭА. І дзесьці 28 жніўня – тэрмін, калі мы распрацуем».

Калі і ці будзе ўзгоднены план працаў з мясцовымі жыхарамі – пытанне адкрытае. На тэлефонныя званкі даверанай у гэтым пытанні асобе чыноўнікі не адказваюць. Што ж да рамонту, то, як паведаміў «Белсату» Сяргей Зяцькоў, яго завяршэння давядзецца чакаць у наступным, 2020 годзе.

Юлія Лабанава, belsat.eu