Пастаўлены новы рэкорд смяротнасці ў Беларусі


Згодна са звесткамі ААН смяротнасць у Беларусі з пачатку пандэміі каронавіруса толькі павялічвалася. Найбольшы ж прырост смерцяў прыпаў на пік эпідэміі. Чаму людзі паміралі, у статыстыцы ААН не пазначаецца, але нашыя эксперты лічаць, што вялікую ролю адыграў менавіта COVID-19.

«Прырост вельмі выразны, і тут складана знайсці іншае тлумачэнне, як каронавірусная інфекцыя – адзін з асноўных фактараў. Канечне, тут нельга выключаць, што маглі быць нейкія іншыя загадкавыя, пакуль што неідэнтыфікаваныя прычыны», – думае Пётр Рудкоўскі, дырэктар BISS.

Узровень смяротнасці сёлета рэкордны за апошнія пяць гадоў. Калі параўнаць другі квартал 2020 года, на які прыйшоўся пік пандэміі, з адпаведным перыядам 2019-га, то пабачым, што сёлета колькасць смерцяў большая прыкладна на 5 з паловаю тысячаў. Апошнія 4 гады розніца складала не больш за 1000 чалавек.

«Перавышэнне за ўвесь год, гэтыя 5000, гэта прыкладна на 18,5 %. Гэта сур’ёзныя страты. А калі казаць толькі пра чэрвень гэтага года, то гэта цэлых 40 % у параўнанні з леташнім чэрвенем», – распавядае дрэктарка SYMPA Наталля Рабава.

Беларусы змаглі даведацца пра сёлетнюю смяротнасць са звестак ААН. Мы намагаліся высветліць у Белстаце, чаму ААН статыстыку ўжо мае, а Белстат яе дагэтуль не публікуе. Нам паабяцалі ўдакладніць, але больш слухаўкі не падымалі.

«Гэта не новая гісторыя, так паступаюць у адносінах да многіх дадзеных, але ў чарговы раз я адчуваю з-за гэтага абурэнне», – падзялілася Наталля Рабава.

А ці беларусы згодныя з думкай, што асноўная прычына рэзкага росту смяротнасці – каронавірус?

«Дрэнны лад жыцця, напэўна, рэзка стаў народ весці. Спіртное, цыгарэты, стрэс, пандэмія».

«У нас самая лепшая краіна, і смяротнасці ў ёй нуль».

«Ад нелюбові да сябе, напэўна».

«Я не ведаю, чаму паміраюць. Напэўна, COVID таксама паўплываў на гэта вельмі моцна».

Паводле ж афіцыйных лічбаў Міністэрства аховы здароўя, на сёння вядома пра 716 смерцяў ад каронавіруса.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»