Пасля сюжэту на «Белсаце» заробак у Сянне павялічылі ў 10 разоў


Як правіла, улады перастаюць ігнараваць праблемы простых людзей толькі пасля асвятлення ў медыях. Гэтак сталася і цяпер – толькі пасля сюжэту на «Белсаце» працаўнікам Сенненскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі сталі налічваць не 70, а 700 рублёў заробку.

У жніўні непасрэдны заробак працаўнікоў Сенненскай ЖКГ, што на Віцебшчыне, не перавышаў і 70 рублёў. А да таго ж адпаведна нізкія адлічэнні ў пенсійны фонд.

Працаўнікі ўжо былі гатовыя да страйку. Спачатку кіраўніцтва толькі паціскала плячыма – маўляў, як працавалі, гэтак і зарабілі. Аднак адразу ж пасля выхаду нашага сюжэту раптоўна заварушылася абласное чыноўніцтва – заробкі паднялІ! Праўда, дробныя праблемы па-ранейшаму застаюцца.

«Жарсці сціхлі, усе забылі пра свае абавязкі. Праца ў нас ёсць – дамы недаробленыя. Аднак няма матэрыялаў – забеспячэнцы не выконваюць сваіх абавязкаў. Вось ужо тры месяцы – лета скончылася, а праца не зробленая. Цяпер перад жыхарамі вынікае, быццам бы мы вінаватыя», – кажа цясляр Сенненскай ЖКГ Леанід Даргейка.

Іншы жыхар Сянна Уладзімір Волкаў вінаваты перад уладамі. Нягледзячы на тое, што большую частку жыцця ён цяжка працаваў, яго запісалі ў гэтак званыя дармаеды.

«Усім тут вельмі добра жывецца, аднак жыццё чамусьці не паляпшаецца. Я ў свае 50 гадоў, у якія мне хочацца жыць спакойна ўдома, чамусь удома рэдка бываю. Мне ўвесь час прыходзіцца дзесьці ездзіць, зарабляць грошы за мяжой», – кажа жыхар Сянна Уладзімір Волкаў.

Аднак тут «Белсат» вымушаны перадаць эстафету ўладам. Можа, яны дапамогуць?

«Тут палова Сянно беспрацоўных! Ніводзін дэпутат не прыйшоў, не запытаў, дзе ты працуеш, чым ты жывеш. А я апошні кавалак хлебу даядаю – няма нават дзе соллю пасыпаць!», – дадае Уладзімір Волкаў.

А за імкненне даць слова кожнаму белсатаўцаў караюць. Толькі сёлета журналісты, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, атрымалі амаль 40 тысяч долараў штрафаў у эквіваленце $ 38 230! Ціск і пераслед не спыняюцца. Але не спыняецца і нашая праца. Вось ужо 11 гадоў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»