Пасля сустрэчы з міліцыянтамі ў жанчыны хімічны апёк вачэй


72-гадовая жыхарка Пухавіцкага раёну Валянціна Казюканене чацвёрты дзень лекуе вочы. У яе хімічны апёк слізістай.

Паводле жанчыны, напярэдадні праваслаўнага Раства да яе прыехалі міліцыянты, каб затрымаць ейнага сына паводле справы аб адміністратыўным правапарушэнні. Хлопец тым часам уцёк праз вакно.

«Адкрываю дзверы і бачу: ляжыць мой сын во тутака во. І бачу б’юць яго, душаць, во гэта во месца. Кажу: што вы збіваеце чалавека, што вы робіце?! У гэты момант мне во так у гэты бок, я падаю на бок, і ў гэты ж час мне заліваюць вочы», – абураецца Валянціна Казюканене.

Жанчына запэўнівае: супраціву міліцыянтам яна не аказвала. Яна выклікала на іх іншы нарад міліцыі, а пасля разам з дачкою паехала ў прыёмнае аддзяленне лякарні. Туды ж накіраваліся і следчыя.

«Яны знялі з нас паказанні. І мы напісалі ад мамінага імя, бо яна не магла пісаць, сустрэчную заяву: прашу правесці праверку правамернасці дзеянняў участковых у дачыненні маёй мамы», – расказвае дачка Валянціны Алеся Эвіліна.

У Следчым камітэце «Белсату» паведамілі, што справу Валянціны Казюканене перадалі ў Пухавіцкі РАУС для правядзення праверкі.

Hавiны
Гарадзенец Дзяніс Лук’янаў: «Міліцыянты дакладна білі мяне па нагах і ягадзіцах». СК супярэчыць
2019.09.18 17:48

Калі распачнуць крымінальную справу, міліцыянтам можа пагражаць штраф або нават да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу, – перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Калі ж міліцыянт мае права ўжываць спецсродкі? Адказ – у законе «Аб органах унутраных справаў».

«Калі фізічная асоба аказвала супраціў, калі ён нейкім чынам перашкаджае працы супрацоўнікаў міліцыі, ну зноўку гвалтоўным чынам, тады ўжываюцца спецсродкі», – расказвае праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Гэта ў тэорыі, кажа праваабаронца, але на практыцы бывае іначай.

«На практыцы ў беларускай міліцыі гэта выглядае так: яны самі вырашаюць, якім чынам, калі, у якой сітуацыі яны ўжываюць спецсродкі, і потым яны пішуць рапарт аб тым, што яны ўжылі спецсродак», – расказвае Сяргей Усцінаў.

Праваабаронца Алег Волчак кажа, што выпадкаў, калі міліцыянтаў пакаралі за неабгрунтаванае ўжыванне спецсродкаў, ён не памятае. Пры гэтым падкрэслівае, што такая інфармацыя звычайна закрытая. Аднак агулам за перавышэнне паўнамоцтваў міліцыянтаў судзілі не аднойчы.

Наста Кахановіч, Белсат