Пасля роліку пра Лукашэнку да блогера Nexta прыйшлі з ператрусам


Ці лёгка абразіць Аляксандра Лукашэнку? Час ад часу артыкулы Крымінальнага кодэксу за абразу ці паклёп на кіраўніка краіны ў Беларусі прымяняюцца. Як на падбор абвінавачаныя ў гэткіх справах – журналісты, праваабаронцы, апазіцыйныя актывісты. Цяпер можа падыйсці чарга і зорак Youtube.

Ролік ютуб-блогера «Нехта» пра «невізіт» Аляксандра Лукашэнкі ў Брусель паглядзелі 340 тысячаў чалавек. Некаторыя вострыя выпускі ад ананімнага журналіста Сцяпана збіраюць больш за мільён праглядаў. Уладам жа асоба блогера вядомая і вызывае жывую зацікаўленасць.

«Учора пад вечар прыйшлі два чалавекі ў кватэру, дома была маці адна. Там быў падаецца следчы ў форме і чалавек у цывільным. Пасведчанняў яны не паказвалі далі толькі нейкую пастанову, быццам на вобшук», – кажа блогер.

Правяранне аб знеслаўленні гонару кіраўніка краіны вядзецца нібыта па заяве нейкай грамадзянкі. Візіцёры, імаверна, былі са Следчага камітэту. Як запомніла маці блогера, якой ніякіх дакументаў не пакінуў, сярод прэтэнзіяў да кантэнту, напрыклад, вось гэтая назва роліку са зменай прозвішча кіраўніка краіны – «Лукашерлок».

«Я нічога супрацьзаконнага ў сваіх відэа не рабіў і не казаў. Тое, што зараз адбываецца, гэта проста пераслед за іншадумства», – адзначае блогер.

Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае пакаранне за абразу ці паклёп прэзідэнта паводле артыкулаў 368 і 367 адпаведна. Так званая «абраза» можа каштаваць двух гадоў волі (пры паўторным выпадку да трох), за паклёп можна апынуцца за кратамі на ўсе чатыры ці пяць гадоў. Прымяненне аднаго з артыкулаў на сабе зазнаў не адзін беларускі журналіст, праваабаронца, ці палітык. Вінаватымі ў «паклёпе» на Лукашэнку прызналі журналістаў Андрэя Пачобута, Паўла Мажэйку, Міколу Маркевіча, палітыка Віктара Івашкевіча, аўтара сатырычнага «Мультклубу» Алега Мініча.

У 2006-м годзе праваабаронца Кацярына Садоўская прадстаўляла інтарэсы грамадзяніна Ірану, якога не выпускалі з тэрыторыі Беларусі.

«Яны да яго ў нейкім рэстаране падселі і ўвесь час патрабавалі з яго грошы. Я ўжо не вытрымала, у рэшце рэшт напісала заяву ў КДБ, у Генеральную пракуратуру.// Я ў сваім звароце выкарыстоўвала лекарскае заключэнне Шыгельскага аб тым, што Аляксандр Лукашэнка – хворы чалавек, псіхічна хворы чалавек з 82-га года», – распавядае Кацярына Садоўская.

У выніку, прызналі вінаватай у абразе прэзідэнта, прысуд – 2 гады калоніі, з якіх Садоўская адседзела 10 месяцаў.

Жыхары Менску кажуць:

«Нельга крытыкаваць прэзідэнта. Прэзідэнт – гэта самы галоўны правіцель нашай рэспублікі».

«Мы павінны гарой быць за яго. Паважаць ягоны статус».

«А як выраўняць свой курс, калі ты сябе з боку не бачыш?»

Пакаранне за абразу прэзідэнта, каралеўскай сям’і ці чыноўнікаў прадугледжана ў некаторых краінах свету: у Нідэрландах, Польшчы, Іране, Даніі, Турцыі. Але такіх краінаў нямнога ды і не ўсе прымяняюць закон на практыцы.

«Іх прымяненне і наяўнасць у нашым крымінальным заканадаўстве – гэта рудымент савецкай эпохі, які магчыма сыходзіць каранямі ў неабходнасць асаблівай абароны манархаў у Сярэдневеччы. Сённяшнія крытэры міжнароднага права адназначна патрабуюць змены заканадаўства», – кажа юрыст Алег Агееў.

Зрэшты, і ў Беларусі ў апошнія гады артыкулы 367-68 не прымяняліся. Ці вернецца гэтая практыка, стане вядома ў бліжэйшыя дні. Следчыя маюць паінфармаваць, ці дойдзе да завядзення крымінальнай справы супраць блогера Нехта.

Таццяна Рэут, «Белсат»