Пасля нашэсця саранчы Усходняй Афрыцы пагражае голад


Жыхары Кеніі спрабуюць адбіцца ад рою саранчы на пашы каля вёскі Лемасулані ў акрузе Самбуру, Кенія. 17 студзеня 2020 года. Фота – Njeri Mwangi / Reuters / Forum

У Эфіопіі ды Самалі нашэсце саранчы стала найбуйнейшым за апошнія 25 гадоў, а ў Кеніі такога маштабу нашэсця не здаралася ўжо сем дзесяцігоддзяў. Пагражае крылатая навала таксама Угандзе ды Паўднёваму Судану.

Пустэльная саранча – самы небяспечны від гэтай жамяры. За 24 гадзіны яна здольная праляцець да 150 кіламетраў, а рой плошчаю з Парыж можа з’есці за дзень столькі ж, колькі палова насельніцтва Францыі.

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН папярэджвае: у выніку нашэсця саранчы, якая знішчае пасевы і пашы, голад пагражае амаль 20 мільёнам асобаў на ўсходзе Афрыкі.

Паводле экспертаў, калі не кантраляваць сітуацыі, колькасць жамяры з неймаверным апетытам можа павялічыцца да чэрвеня ў 500 разоў.

Мясцовыя фермеры спрабуюць сваймі сіламі разагнаць пустэльную жамяру – з дапамогаю званочкаў.

«З учарашняга дня, з пятай гадзіны вечара, мы працавалі, шумелі, ганялі іх. Але яны не сыходзяць. Яны на ферме, і яны ядуць нашу ежу ды корм для скаціны», – кажа фермерка Каніні Ндунда.

Сапраўдны спосаб перамагчы саранчу – распыляць пестыцыды з самалётаў. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў выдаткавала на барацьбу з навалаю $ 10 млн. На думку спецыялістаў, спатрэбіцца значна больш – каля 70 мільёнаў.

Ранейшыя нашэсці пустэльнай саранчы на ўсходзе Афрыкі былі менш маштабнымі. Паводле Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, 2019-ы стаў для рэгіёну годам кліматычных анамаліяў, што і паспрыяла размнажэнню жамяры.

Рэпартаж Анастасіі Русецкай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 26 студзеня