Пасля капітальнага рамонту ў доме жыць стала наагул немагчыма


Жыхары Мар’інай Горкі дачакаліся капітальнага рамонту дому, аднак пасля яго правядзення жыць стала невыносна. Людзі скардзяцца ў шматлікія інстанцыі, але нічога не могуць дабіцца, таму звярнуліся да «Белсату».

Капітальны рамонт у доме нумар 28 на вуліцы Новая Зара ў Мар’інай Горцы пачалі яшчэ ў красавіку. Скончыць не могуць, дарабляюць хібы. Жыхары кажуць, што неабходна цалкам перарабляць, бо зрабілі нашмат горш, чым было да рамонту.

«Холадна. Халадней, чым было. Мінулай зімой было цёпла, гэтай вельмі халодна, вельмі», – кажа Ганна Рамановіч, жыхарка дому.

«У нашай кватэры таксама 7 градусаў сцяна. І яны будуць казаць, што гэта нармальна. А спіш, як у лядоўні. Адзетыя, цвіль па кватэры ідзе. Падлога – немагчыма стаць», – распавяла Таццяна Паўлава, жыхарка дому.

Жыхары скардзяцца, што ў час рамонту не зрабілі вялікай колькасці працаў з абавязковага пераліку. У доме кепска працуе вентыляцыя, не ўсталяваныя казыркі над балконамі верхніх паверхаў. Пасля таго, як са швоў садралі стары ўцяпляльнік і ўставілі новы, сцены пачалі прамярзаць. З’явіліся шчыліны.

«Агулам так кепска зрабілі, нічога не варта. І паглядзіце, які дом стаў, як бамжатнік. Як дзе-небудзь наводдаль турма. Такі непрыглядны дом. А плацім мы вунь колькі», – скардзіцца Ганна Рамановіч, жыхарка дому.

«Мы скардзіліся ў ЖКГ непасрэдна, пісалі зварот у выканкам, тройчы хадзілі да намесніка старшыні райвыканкаму, скардзіліся ў раённую пракуратуру, дасылаюць толькі адпіскі», – абураецца Леанід Храноўскі, жыхар дому.

Летам рамантавалі дах, знялі ізаляцыю, у выніку дажджамі заліло кватэры верхніх паверхаў, замокла праводка, два дні людзі заставаліся без электрычнасці, пашкодзіла аздабленне кватэраў і мэблю. Кампенсацыі дагэтуль не выплацілі.

«Прыходжу ў спальню, у мяне ўвесь ложак мокры, была іншая люстра, з яе такі фантан, я сюды падстаўляць. Пакуль тут ратавала, прыходжу на кухню, там па костачку вады», – кажа Таццяна Паўлава, жыхарка дому.

Цяпер, каб нагрэць кватэры, людзі ўключаюць газ ды абагравальнікі, але вышэй за 19 градусаў тэмпература не падымаецца. У кватэрах пах вільгаці ды цвілі.

Адчуваецца, што адсюль дзьме. Сцяна сапраўды вельмі халодная, і вось вынік.

Падвалы мокрыя, вада точыцца праз шчыліны, ды з трубаў. Электрычныя драты і сілавы кабель боўтаюцца абы-як. Праблемы і ў пад’ездах.

«Вось у нас некалькі праблем: разбітае шкло, рамы трэснутыя, фортка адкрытая, адсутнічае агароджа на ніжнім вакне, і шчыліны па сценах», – кажа жыхар дому Леанід Храноўскі.

У дом ужо прыязджала камісія з праверкай, людзей запэўнівалі, што выправяць хібы, але далей справа не пайшла. Жыхары патрабуюць, каб улады прымусілі адказных зрабіць якасны, належны капітальны рамонт. Кажуць, што будуць звяртацца ў суды, Камітэт дзяржкантролю, да прэзідэнта. Але чаго чакаць ад сістэмы, у якой фонд на капрамонт фармуецца не празрыста. Жыхары не выбіраюць ні суму выплатаў, ні ЖЭУ, ні падрадчыка. Яны не могуць вызначаць аб’ёму працаў, дый выканання самі не кантралююць.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu