Пасля году пратэстаў супраць акумулятарнага заводу берасцейцы не спыняюцца


Ужо болей за год кожная нядзеля ў Берасці – пад знакам пратэсту. Нягледзячы на забарону – берасцейцы ізноў пратэстуюць, бо баяцца за сваё здароўе.

24 лютага ў цэнтры гораду над Бугам больш за 150 чалавек правялі акцыю і шэсце супраць пабудовы акумулятарнага заводу. Сёння не абышлося без інцыдэнтаў – перад пачаткам акцыі затрымалі блогера Аляксандра Кабанава.

«Гэта пакуль адзінае выйсце – пратэставаць такім чынам. Калі не будзе спыненае будаўніцтва, магчыма, я гатовы ісці на больш радыкальныя крокі ў пратэстах менавіта», – кажа ўдзельнік пратэсту Андрэй Шарэнда.

Берасцейцы праводзяць акцыі з моманту, калі даведаліся, што пад горадам пабудуюць акумулятарны завод для вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Праціўнікі будоўлі заяўляюць пра парушэнні працэдуры будаўніцтва і лічаць працу прадпрыемства небяспечнаю для здароўя. Перш за ўсё праз выкіды.

«Забруджванне свінцом – гэта вельмі сур’ёзны від адкідаў. Ад яго цярпіць вялікая колькасць людзей, у прыватнасці на анкалагічныя захворванні. Страты навакольнага асяроддзя – гэта глеба і водныя рэсурсы, і наагул атмасфера – гэта ўсё будзе цярпець», – кажа эколаг Рыгор Цярэнцьеў.

Берасцейцы асцерагаюцца шкоднага ўплыву выкідаў – перш за ўсё свінцу. Завод будуюць за чатыры кіламетры ад гораду, таму адкіды могуць хутка трапіць у навакольныя населеныя пункты. У верасні на будоўлі заводу выявілі парушэнні пажарнай бяспекі.

Пратэстоўцы звяртаюць увагу і на тое, што грамадскія абмеркаванні перад пачаткам будаўніцтва адбыліся з парушэннямі.

«Улады не ўлічваюць наагул думкі насельніцтва Берасця. Нас, людзей, ніхто не слухае, таму мяне гэта вельмі хвалюе. Гэта не толькі сітуацыя заводу, наагул», – дадае ўдзельніца пратэсту Ірына.

Жыхары гораду над Бугам прыдумалі арыгінальную форму супраціву – яны сустракаюцца на плошчы Леніна і проста кормяць галубоў. Але ўлады пастаянна забараняюць нават такія мітынгі. Сённяшняя забарона звязаная з тым, што ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў праводзяцца мерапрыемствы, звязаныя з Днём абаронцаў айчыны. Між тым у гэтым парку ўлады дазваляюць «мітынгі без заявак». Таксама не ўсе ахвотныя змаглі прыйсці на акцыю.

«Аляксандра Кабанава ўзялі ў Пятрухіна ў двары амапаўцы, жорсткае затрыманне было. Гэта каб запалохаць народ, напэўна, каб не пайшлі на плошчу карміць галубоў, я думаю», – кажа ўдзельнік акцыі Канстанцін Астапук.

Супраць заводу актывісты сабралі амаль сорак тысяч подпісаў у Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, аднак урадавая камісія не бачыць парушэнняў у будаўніцтве прадпрыемства. Яшчэ дзве з паловаю тысячы подпісаў берасцейцы накіравалі кіраўніку дзяржавы з патрабаваннем адстаўкі чыноўнікаў, якія, на меркаванне мясцовых жыхароў, не клапоцяцца пра здароўе гараджанаў. Безвынікова.

Ганна Мордань, «Белсат»