Пасля 13 гадоў чакання споўнілася абяцанне Лукашэнкі


Удалося! Сярэдні намінальны заробак беларусаў у снежні перакрочыў 500 долараў. Споўнілася абяцанне кіраўніка краіны, якое ён даў упершыню яшчэ 13 гадоў таму. Прычына ўзрадавацца і ўздыхнуць з палёгкай? Адмыслоўцы аптымізму не падзяляюць.

Намінальны сярэдні заробак за снежань дасягнуў у эквіваленце $ 523, а гэта азначае, што культавая лічба нарэшце агораная. Што праўда, снежань заўсёды адзначаецца высокім скачком.

«Сярэдні заробак рэзка памяншаецца ў студзені ў параўнанні са снежнем, бо ў снежні, у апошні месяц года, выплочваецца гэтак званы 13-ы заробак – гэта прэміі за год», – тлумачыць такія высокія дадзеныя Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату». А таму «па пяцьсот» хутчэй за ўсё не ўтрымаецца.

«Ну не паверу, што заробак у Беларусі большы за 800 рублёў».

«Рэальная сума толькі 250 долараў, не больш».

«Не смяшыце!»

Шмат хто, як і апытаныя намі жыхары Віцебску, чуючы афіцыйную статыстыку, не дае веры. І справа не ў фальсіфікацыі звестак, а ў спосабе разліку. Па-першае, намінальны заробак улучае падаткі і адлічэнні ў пенсійны фонд. А па-другое, як у тым анекдоце: нехта есць капусту, а хтосьці – мяса. Разам – галубцы.

«На сённяшні дзень мы назіраем павелічэнне няроўнасці ў Беларусі. То бок заробкі растуць перадусім у высокааплатных сектарах. А ў нізкааплатных сектарах, або сярэднеаплатных сектарах, або ў прамысловасці, якая не ўваходзіць у пералік стратэгічных флагманаў у Менску, там заробкі падымаюцца нашмат ніжэй», – канстатуе Станіслаў Івашкевіч.

І сапраўды, сталіца выразна вылучаецца на фоне ўсёй краіны. Там сярэдні намінальны заробак у снежні склаў $ 735.

«Пражыць на 735 дакладна нельга. У мяне трое дзетак, школа, сад. Як вы думаеце?»

«Я працую ў ІТ, атрымліваю больш за 4 000».

«У мяне бацькі атрымоўваюць больш за тысячу, але гэта таму, што яны ўжо доўга працуюць і на добрых пасадах. Але ў маім узросце ніхто столькі не атрымоўвае. Максімум рублёў 500».

«Усё рэальна. Хто круціцца, той зарабляе».

Наогул, абяцанне пяцісот долараў стала ўжо часткаю культу айчыннай палітыкі. Першая згадка датуецца прынамсі 2006-ым годам.

«Гэта звычайная магія лічбаў. 500 долараў у эквіваленце – гэта нейкая прыгожая круглая сума грошай», – разважае палітолаг Аляксандр Папко.

Між тым, ад першага гучнага абяцання мінула 13 гадоў. За гэты час нашыя заходнія суседзі, якія абралі шлях рынкавай эканомікі, падцягнулі свае сярэднія заробкі да тысячы долараў. Найбольш свежыя дадзеныя пра намінальны сярэдні заробак за месяц у Літве – $ 1093, у Польшчы – $ 1402. У Беларусі ж гэткіх лічбаў нават не абяцаюць. Для рэзкага росту прыбыткаў беларусаў патрэбныя карэнныя рэформы, але яны, у сваю чаргу, пагражаюць дзейнаму палітычнаму ладу, кажуць эксперты.

«Існуе вялікі дзяржаўны сектар, якім можна палітычна кіраваць, якому можна даваць палітычныя загады. Знікненне беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, стратных прадпрыемстваў азначае ліквідацыю аўтарытарнай улады Аляксандра Лукашэнкі», – мяркуе Аляксандр Папко.

А таму і атрымоўваецца, што столь эканамічных мараў ды імкненняў складае 500 долараў. Але і столь без рамонту можа абваліцца.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu