Парламенцкія выбары прайшлі ў Паўночнай Карэі. Яўка – 100 адсоткаў


У Паўночнай Карэі абралі новых парламентароў. Другія з часоў улады Кім Чэн Ына парламенцкія выбары нагадваюць хутчэй нацыянальнае свята – з песнямі і танцамі. А яўка склала ажно 100 адсоткаў. Як патлумачыць выбарчае захапленне грамадзянаў, што маюць дзённую норму ежы 300 грамаў? Разбіралася Юлія Лабанава.

Танцы ды спевы на вуліцах перад выбарчымі ўчасткамі. Гучнае прывітанне на адным з іх – Кім Чэн Ына. У атмасферы нацыянальнага свята, што актыўна транслявалі мясцовыя тэлеканалы, Паўночная Карэя абрала дэпутатаў Вярхоўнага народнага сходу на новы пяцігадовы тэрмін.

Жыхары Пхеньяну распавядаюць:

«Я зрабіла вялікі ўнёсак у будучыню нашай сацыялістычнай айчыны, дзе кожны чалавек датычны справаў краіны».

«Я прыйшла сюды на шчаслівае галасаванне, каб выканаць свой патрыятычны абавязак. Маё сэрца поўнае гонару і шчасця, што я грамадзянка нашай рэспублікі ды мы маем такога паважанага лідара».

«Я ганаруся сацыялістычным ладам нашае краіны, што абірае паўночных карэйцаў дэпутатамі, і краінаю, дзе мы можам галасаваць за іх».

Яўка склала рэкордныя 100 адсоткаў. У нядзелю выбарнікі нават станавіліся ў чэргі, каб кінуць у скрыню бюлетэнь з толькі адным імем. Кандыдаты вылучаліся на безальтэрнатыўнай аснове: па асобе ад акругі, якую зацвярджала кіроўная Працоўная партыя. Такі ажыятаж пры фактычна адсутным выбары адмыслоўцаў не здзіўляе.

Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях, каментуе:

«У Канстытуцыі прапісаная норма, што ўсе жыхары Паўночнай Карэі абавязаныя браць удзел у галасаванні. Так што там немагчыма, як паводле нашай Канстытуцыі, самому абраць, будзеш ты ўдзельнічаць у галасаванні, пойдзеш ты на ўчасткі ці не. Там для ўсіх грамадзянаў гэта абавязковы працэс».

Прагаласаваць можна і супраць кандыдата, аднак зрабіць гэта трэба адкрыта. Папулярнасцю права не карыстаецца. Замест дэманстрацыі нязгоды на ўчастках – гонар ад выкананага на карысць дзяржавы доўгу.

«Нельга казаць, каб выбары – гэта была нейкая там тэма для абмеркавання, для заняцця грамадскага меркавання, гэта, скажам так, працэс, як у Савецкім Саюзе: выбары не выклікалі асаблівага ажыўлення ў палітычным жыцці краіны», – кажа Яўген Красулін.

Вялікім у палітычным жыцці Паўночнай Карэі складана назваць і ўплыў самога парламенту. Бальшыня сходу – гэта сябры Працоўнае партыі, якую ачольвае Кім Чэн Ын. Паседжанні дэпутатаў праходзяць адзін або два разы на год. Перадусім для зацверджання бюджэту.

Што да сёлетніх выбараў, галасоў яшчэ не падлічылі. Аднак з мінулай практыкі прапанаваныя кандыдаты займелі стоадсоткавае падтрыманне і сёлета чакаюць такіх жа вынікаў.

Юлія Лабанава, belsat.eu