Папа Рымскі заклікаў не забываць пра гаротнае становішча ўцекачоў 


Ва Украіне сёлета ўпершыню на дзяржаўным узроўні святкуюць Божае Нараджэнне паводле грыгарыянскага календара. 25-га снежня тут абвесцілі выходным, як гэта прынята ў большасці еўрапейскіх краінаў.

Калядная імша прайшла ў ізраільскім Назарэце. Паводле Евангелля, менавіта тут жыла сям’я Іосіфа і Марыі. Незадоўга перад нараджэннем Ісуса яны выправіліся ў Бэтлеем.

Божае Нараджэнне адзначаюць сёння большасць хрысціянаў у свеце – каталікі, пратэстанты і 11 з 15-ці памесных праваслаўных цэркваў. Святочныя службы пачаліся напярэдадні ўвечары. Галоўная каталіцкая імша адбылася ў саборы Святога Пятра ў Ватыкане. Папа Рымскі Францішак заклікаў міжнародную супольнасць не забывацца пра гаротнае становішча мільёнаў уцекачоў, параўнаўшы мігрантаў з біблейскімі героямі, якія пераадолелі шлях з Назарэту ў Бэтлеем і не знайшлі, дзе спыніцца.

«Так шмат іншых крокаў, схаваных у кроках Іосіфа і Марыі. Мы бачым сляды цэлых семʼяў, змушаных да гэтага ў нашыя дні. Мы бачым, як мільёны людзей выпраўляюцца ў шлях не таму, што яны самыя таго хочуць, а праз неабходнасць, пакідаючы за спінамі сваіх блізкіх», – сказаў Папа Рымскі Францішак.

Сёння ж пантыфік выступіў у Ватыкане з традыцыйным штогадовым пасланнем «Урбі эт Орбі» – «Гораду і свету».

Не паўсюль Божае Нараджэнне асацыюецца з каляднымі маразамі. Але нават на пляжах замест адпаведных капелюшоў у гэтыя дні на галовах пераважна шапкі Санты-Клауса.

ІД belsat.eu