Аб'ектыў 19.05.2019 Папулярныя месцы становяцца мішэнню тэлефонных тэрарыстаў


Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле факту аб заведама фальшывым паведамленні пра небяспеку. Звесткі пра закладзеную бомбу прывялі да эвакуацыі людзей з гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Галерэя». Ад пачатку гэтага года папулярныя месцы сталіцы становяцца мішэнню злачынцаў ужо чацвёрты раз. Ці варта трывожыцца з прычыны тэлефоннага тэрарызму?

Наведвальнікі супермаркетаў спыняюць пакупкі, кліенты фуд-кортаў кідаюць вячэру, чэргі людзей цягнуцца да выхаду, як таго патрабуе голас з дынамікаў. Пра эвакуацыю аднаго з найбуйнейшых менскіх гандлёва- забаўляльных цэнтраў распавялі карыстальнікі Твітара.

ФАНТАСТИЧЕСКАЯ ТВАРЬ

«Эвакуацыя ГЦ «Галерэя»

MAKS PILNIKOV

«Дарогу перад галерэяй перакрыла МНС. […] Нешта замяраюць, стаіць пара машынаў хуткіх – мабыць, перастрахоўка, і два аўтамабілі міліцыі».

DANNY LIGHT

«Сапёры, сабакі, немагчыма прайсці да аўтамабіляў».

Распачатае ўчора ўвечары правяранне гандлёвага цэнтру міліцыя і сапёры скончылі сёння. Выбуховых прыладаў не знайшлі.

«Цэнтральным […] раённым аддзелам Следчага камітэту распачатая крымінальная справа паводле факту заведама фальшывага паведамлення аб небяспецы. На гэты момант працягваецца правядзенне неадкладных следчых дзеянняў, высвятляецца асоба падазраванага», – паведмляе Следчы камітэт.

Пакаранне для «жартаўніка» можа дасягаць пяці гадоў калоніі. Пры паўторнай правакацыі – сямі гадоў. «Галерэю» эвакуявалі з-за фальшывага паведамлення аб бомбе і ў сакавіку, і ў красавіку. Амаль два месяцы таму з такой жа прычыны эвакуявалі чыгуначны вакзал і гандлёвыя цэнтры «Галілеа» і «Замак».

«Не могуць знайсці вінаватых – тых, хто гэта ўсё здзяйсняе. У мяне, як у былога следчага, складаецца ўражанне, што працуюць нейкія прафесійныя групы», – Алег Волчак, правааборнца.

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў да такіх правакацыяў трэба ставіцца вельмі сур’ёзна – лічыць эксперт.

«Эвакуяваць трэба, правяраць трэба, і жорстка трэба праводзіць следства – каб даведацца, хто гэта ўсё ладзіць», Алег Волчак, праваабаронца.

А ці палохаюць паведамленні пра бомбы наведнікаў менскіх гандлёвых цэнтраў? І ці ведаюць яны, як сябе паводзіць падчас эвакуацыі?

«Я ведаю, што ліфтамі карыстацца нельга ў такой сітуацыі, але я ведаю, дзе лесвіцы. А так, вядома, прыемнага мала».

«Усе рухаемся да аварыйнага выхаду. А ці страшна? Ды жыць, у прынцыпе, страшна!»

«Пастаянна гэта адбываецца ў Расеі і ў нас тут, у Беларусі. І ніводнага разу гэта не спраўдзілася».

Фальшывыя паведамленні пра бомбы ў апошнія тыдні гучалі і ў шасці найбуйнейшых гарадах Украіны. Паліцыя вінаваціць у правакацыях прарасейскіх сепаратыстаў Данбасу. У Расеі ж хваля тэлефоннага тэрарызму пракацілася ў студзені ды лютым – эвакуацыі адбыліся ў двух дзясятках гарадоў.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары