Аб'ектыў 18.07.2019 Папулярнае прыкладанне «FaceApp» можа быць расейскім шпіёнам


Папулярная праграма для рэдагавання фота «FaceApp» можа быць расейскім шпіёнам і бачыць «усё», што ёсць у вашым смартфоне. Трывогу забілі прасунутыя карыстальнікі, а цяпер – і палітыкі. Сенатар ЗША заклікаў ФБР спраўдзіць, ці ёсць пагроза для выцеку асабістых звестак. Палітыку прыватнасці «FaceApp» прааналізаваў наш журналіст Сцяпан Святлоў.

Цягам апошняга тыдня свет рэзка пасталеў. Прынамсі, калі меркаваць з публікацыяў у сацсетках, цяпер ідзе сапраўдны бум фотаздымкаў сталых людзей. Сябе, знаёмых, палітыкаў, актораў людзі актыўна стараць, змяняюць пол, дадаюць вусы.

Дзякуючы палепшаным фільтрам на базе штучнага інтэлекту ў праграме «FaceApp» выглядае гэта зусім па-сапраўднаму. Дадатак ужо сцягнулі больш за 100 мільёнаў карыстальнікаў. Аднак трэнды як прыходзяць, гэтак і сыходзяць. А вось звесткі – застаюцца. Узгадаць толькі вядомае выслоўе: тое, што трапляе ў інтэрнэт, там назаўжды і застаецца. А без інтэрнэту «FaceApp» чамусьці не працуе.

Аднак людзі ў захапленні ад магчымасцяў праграмы, а таму нават і не задумваюцца пра адваротны бок забаўляльнага медалю. IT-адмысловец Сяргей Чарнавокі тлумачыць:

«Калі вы праграму ўжо ўсталявалі, то яна будзе чытаць змесціва памяці вашага смартфона і перадаваць звесткі на свае серверы. А далей вы ўжо нічога кантраляваць не зможаце».

Непакояцца пра бяспеку карыстальнікаў не толькі IT-адмыслоўцы, але і палітыкі. Амерыканскі сенатар штату Нью-Ёрк Чак Шумэр звярнуўся да ФБР і Федэральнай гандлёвай камісіі з просьбаю правесці расследаванне бяспекі праграмы:

«ФБР і ФГК павінныя высветліць, ці можа персанальная інфармацыя мільёнаў амерыканцаў апынуцца ў руках расейскіх уладаў або іхных арганізацыяў. Карыстальнікі даюць гэтай праграме поўны і беззваротны доступ да сваіх персанальных звестак».

Сёлета праграме з расейскімі каранямі споўнілася два гады, гэта ўжо другая хваля яе папулярнасці. Раней нейкіх скандалаў з выцекам персанальных звестак не было, чаго, аднак, не скажаш пра яе «калегу» у палітыцы прыватнасці – «Facebook». Некалькі гадоў таму інфармацыя 87 мільёнаў карыстальнікаў, імаверна, для палітычнай рэкламы выкарыстоўвала прыватная брытанская кампанія «Cambridge Analytica». Пасля шырокага скандалу яна спыніла сваё існаванне.

«Уладальнік праграмы, які дапусціў публікацыю звестак, ён атрымлівае вельмі буйны штраф. Паводле сучасных еўрапейскіх законаў, рахунак ідзе на мільёны еўраў», – тлумачыць IT-адмысловец Сяргей Чарнавокі.

Уладальніка аштрафуюць, але звесткі працягнуць жыць сваім жыццём. Тым больш, што палітыка прыватнасці ўсіх падобных праграмаў аднолькавая: «Masquarad», «Інстаграм», «Facebook», «Twitter» ды шмат іншых праграмаў выкарыстоўваюць нашыя звесткі – у асноўным у рэкламных мэтах.

Жыхары Менску дзеляцца меркаваннем:

«Калі ты просты чалавек, ты нікому не патрэбны».

«Я карыстаюся, так, але я хвалююся, што мае звесткі некуды выцякаюць, некуды налева ці направа».

«Я думаю, бяспечна. Хоць сам не карыстаюся».

«Банкіркі гэта нават могуць зрабіць. Так! У мяне маладыя пыталіся ў «Белаграпрамбанку»: як вы жывяце, якія ў вас сваякі, знаёмыя? А для чаго гэта пытаюцца, разумееце?»

Дарэчы, цікавіцца вашымі персанальнымі звесткамі могуць не толькі прыватныя кампаніі, але і спецслужбы. Хоць распрацоўнікі і абяцаюць не перадаваць звестак трэцім асобам, самы надзейны і бяспечны спосаб захаваць прыватнасць і даведацца, як вы будзеце выглядаць у старасці – проста жыць далей. Ці хоць бы больш дакладна вывучыць палітыку канфідэнцыйнасці вашых улюбёных праграмаў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары