Аб'ектыў 27.11.2018 Папраўкі ў Закон «Аб СМІ» парушаюць адно з асноўных правоў чалавека


Адкрываем якую заўгодна старонку ў інтэрнэце. Чытаем. Хочам пакінуць каментар. Упісваем імя – не абавязкова сваё – і выказваем усё, што думаем. Але такі парадак каментавання неўзабаве скончыцца.

Ужо першага снежня ўступаюць у моц папраўкі ў закон «Аб СМІ», паводле якога для ўсіх медыяў патрабуецца ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, што пакідаюць каментары, праз СМС. На адзін тэлефонны нумар можна будзе зарэгістраваць толькі адзін уліковы запіс. Апроч тэлефоннага нумара, карыстальнік мусіць пакінуць і свае асабістыя звесткі.

«Гэтыя персанальныя звесткі трэба будзе недзе захоўваць, адпаведна, гэта абавязак уладальніка інтэрнэт-рэсурсу. Гэта дадатковыя выдаткі. Плюс гэтыя звесткі не заўсёды будуць адпавядаць рэчаіснасці. Бо адразу пасля таго, як мы ўвялі свой нумар тэлефона, далей мы гэтыя персанальныя звесткі можам унесці якія захочам. І ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу ніяк не можа гэтага праверыць», – каментуе Аляксей Казлюк, «Human Constanta».

Пакуль не ўсё ясна з рэгістрацыяй карыстальнікаў з замежнымі тэлефоннымі нумарамі. У сеціве ёсць адмысловыя сэрвісы, якія аказваюць паслугу атрымання СМС для рэгістрацыі на нумары з іншых краінаў. У такім выпадку ўстанавіць асобу карыстальніка робіцца немагчымым.

«Адток у сацыяльныя сеткі пасля 1 снежня будзе. Бо каментаваць навіны людзям хочацца. Але, калі магчымасць будзе перакрытая, яны пяройдуць кудысьці. Магчыма, гэта будзе «Фэйсбук» ці расейскія сацыяльныя сеткі», – тлумачыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Да таго ж, усе звесткі карыстальнікаў мусяць захоўвацца на серверах у Беларусі. Гэта пазбаўляе медыі магчымасці карыстацца замежнымі сэрвісамі для размяшчэння і мадэрацыі каментароў. А як да ідэнтыфікацыі праз нумар тэлефона ставяцца самыя карыстальнікі інтэрнэту?

«Гэта ўціскае асабістыя правы. Гэта таталітарызм».

«Трэба адказваць за свае словы і дзеянні, гэта самае важнае».

«У кожнага мае заставацца свая асабістая прастора. Я не збіраюся раздаваць свой нумар каму папала».

«Усе і так усё ведаюць. Сэнс, што вы пакінеце тэлефон ці не?»

Такое меркаванне падзяляюць і эксперты: цяпер улады Беларусі і без паправак у закон «Аб СМІ» могуць вылічыць чалавека, актыўнасць якога ў сеціве іх зацікавіла.

«Права на ананімнасць – гэта адное з асноўных правоў, таму што толькі разумеючы, што чалавек не будзе потым прыцягвацца да нейкай адказнасці, чалавек можа свабодна выказвацца. Асабліва ў краінах, у якіх праблемы ўвогуле з судоваю сістэмаю, з нейкім пераследам за выказванне сваіх думак», – гаворыць Аляксей Казлюк, «Human Constanta».

Паводле адмыслоўцаў, спроба паставіць пад кантроль інтэрнэт, гэтак званая «справа БелТА» і пераслед журналістаў «Белсату» – звенні аднаго ланцуга. І гэта сведчыць пра тое, што наступ на свабоду слова працягваецца.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары