Аб'ектыў 17.07.2018 Паляванне на дармаедаў


Улады сціскаюць кола вакол грамадзянаў, якіх ва ўрадзе называюць «дармаедамі». У верасні пачнуць тэставаць базу дадзеных аб беспрацоўных грамадзянах, якія не стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці. З наступнага году такія людзі пачнуць плаціць поўны тарыф за электрычнасць. Як чыноўнікі будуць прызначаць вінаватых, і да чаго рыхтавацца беларусам?

Пагалоўны кантроль – пры дапамозе электроннай базы звестак. Пачынаючы з верасня, усе дзяржаўныя ды прыватныя арганізацыі мусяць уносіць у гэтую базу інфармацыю аб сваіх працаўніках. Форма, якую маюць запаўняць працадаўцы, ужо з‘явілася на сайце Міністэрства працы.

Неабходныя для запаўнення звесткі ўключаюць імя, нумар пашпарту і месца рэгістрацыі працаўніка. З тых жа людзей, чыіх звестак не акажацца ў гэтым спісе або на ўліку цэнтру занятасці, будзе складзены спіс «незанятых у эканоміцы». Або, як іх ахрысціў некалі Аляксандр Лукашэнка, – дармаедаў.

«А тых, хто хоча туды-сюды мышкаваць, – і без дэкрэту нумар тры мы змусім працаваць, як бы вам гэта ні не падабалася», – казаў год таму Аляксандр Лукашэнка.

Плануецца, што базу дармаедаў складуць да снежня. З наступнага года гэтыя людзі пачнуць аплочваць камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме – паводле сабекошту, які ім налічаць мясцовыя службы ЖКГ ды энергетыкі. Раней міністр працы Ірына Касцевіч заявіла, што, у выпадку складанай жыццёвай сітуацыі, такой, як неабходнасць дагляду за старымі ці за хворымі дзецьмі, мясцовыя ўлады будуць індывідуальна вызначаць каэфіцыент аплаты камуналкі для канкрэтных грамадзянаў. Праваабаронцы лічаць названыя мерапрыемствы – антыканстытуцыйнымі.

«41-шы артыкул Канстытуцыі цалкам ясна ўносіць забарону на прымусовую працу. Калі мы кажам пра нейкіх дармаедаў, то ніводзін дэкрэт не будзе адпавядаць ані нормам заканадаўства, ані міжнародным нормам», – адзначае праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Як днямі паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт, летась ён налічыў амаль чвэрць мільёнаў беларусаў, якія не стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці, але актыўна шукаюць працу ды не могуць яе знайсці.

На пачатку гэтага месяца колькасць працоўных месцаў у рэспубліканскім банку вакансіяў пабіла чарговы рэкорд – перасягнуўшы 75 тысячаў. Але тысячу рублёў ці больш прапаноўвалі менш як у пяці адсотках выпадкаў. Больш за дзве траціны прапановаў – на заробак, меншы за пяцьсот рублёў.

«У выпадку набыцця моцы гэтым дэкрэтам магчымасцяў сябе абараніць, вядома, будзе вельмі мала, і тут, хутчэй за ўсё, гутарка можа ісці аб нейкім грамадскім пратэсце», – лічыць Бандарэнка.

На думку Міжнародных фінансавых арганізацыяў, больш эфектыўны спосаб для стымулявання занятасці – гэта рынкавыя рэформы ды павелічэнне дапамогі ў беспрацоўі. Пазалетась Міжнародная арганізацыя працы заклікала Менск адмяніць дэкрэт аб дармаедах.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары