Палітычныя справы аб тэрарызме

Больш за 900 палітычна матываваных крымінальных справаў зафіксавалі праваабаронцы ў Беларусі. Галоўны артыкул – «Масавыя беспарадкі». Аднак цяпер пачаліся і крымінальныя справы за нібы тэрарызм. І зноўку па ўжо вядомым сцэнары КДБ і міліцыя знаходзіць бомбы і гранаты.

У лістападзе Генеральная пракуратура і міліцыя паведамлялі пра крымінальныя справы аб пашкоджанні чыгункі ды падрабязна апісвалі спосаб, як замкнуць рэйкавыя ланцугі, каб цягнікі не ездзілі.

А цяпер ужо Віцебская пракуратура разам з КДБ заяўляюць пра знойдзеную самаробную выбуховую прыладу каля чыгуначнай станцыі Адамава ў Полацкім раёне. Спецслужбы распачалі крымінальную справу аб пагрозе тэрарызму, цяпер шукаюць вінаватых.

Публікаваць матэрыялы любога следства на самым пачатку варта толькі тады, калі трэба знайсці падазраванага, кажа былы пракурор.

«Выкладваць матэрыялы любыя першапачатковых следчых дзеянняў я асабіста лічу непрафесійным», – тлумачыць былы працаўнік Генеральнай Пракуратуры Андрэй Сыцько.

Тым не менш яшчэ адну крымінальную справу аб тэрарызме напярэдадні паказалі ўсе дзяржаўныя тэлеканалы. КДБ і міліцыя нібыта знайшлі цэлы арсенал выбухоўкі, гранатаў, зброі ды боепрыпасаў ды вызначылі і паказалі лідара «тэрарыстычнага атраду» – гэта былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

«Усяго па гэтай справе затрыманыя 8 асобаў. У тым ліку Антон і Ірына Мельхеры, Ірына Гарачкіна, Павел, Сяргей і Любоў Разановічы. Злачынцы хаваліся ў розных гарадах. Дзейнічалі як арганізаваная група – паролі, яўкі, канспіратыўныя кватэры», – вяшчаў у сваім «расследаванні» працаўнік тэлеканалу СТВ Грыгорый Азаронак, сын прапагандыста БТ Юрыя Азаронка, аўтара тэлефільмаў пра апазіцыю.

Сяргей Разановіч – праваслаўны святар вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Мясцовыя жыхары проста шакаваныя абвінавачаннямі святара, ягоных жонкі ды сына ў падпалах, падрывах і ўзброеных нападах на міліцыянтаў і прыхільнікаў Лукашэнкі.

«Ён, здаецца, нармальны, ні з кім не канфліктаваў. Ні ён, ні матушка».

«Я прыхаджанка, я плакала ўсю ноч. Я не ведаю. Душэўны чалавек. Ці то памылка нейкая, ці што. Ён калі чытаў імшу, заўжды казаў: давайце маліцца за мір. Я плачу», – кажуць жыхары Сцяпанак.

Гаворка не толькі аб прэзумпцыі невінаватасці да судовага выраку. Паказаць відэа і фота справы, распавесці, што вядома следчым, і адначасова шукаць незатрыманых суўдзельнікаў – гэта шкодзіць следству, мяркуе Андрэй Сыцько:

«Аб тэрарызме трэба казаць, калі ён даказаны. Калі зробленыя апытанні, экспертызы, і матэрыялы накіраваныя ў суд хаця б».

Гэта ўжо здаралася не раз. У 2010-м пасля крывавага разгону пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў дзяржаўнае тэлебачанне паказала кадры гаража, дзе нібыта знайшлі заточаную арматуру і аўтаматы для баевікоў. Потым аўтаматы з арматурай бясследна зніклі.

Пазней была «Справа Белага легіёну» ці «Справа патрыётаў». Але дзясяткі затрыманых нібыта баевікоў-нацыяналістаў выйшлі на волю. А ў арсенале зброі ды боепрыпасаў, паказаных дзяржСМІ, эксперты апазналі страйкбольныя прылады і макеты. Справа развалілася. Летась у праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасці Майсея Мазько знайшлі нібыта выбухоўку і патроны ў аўтамабілі – і зноўку справа развалілася.

Таму і цяпер не ўсе грамадзяне вераць БТ.

Вось што кажуць пра свежыя «рэпартажы» дзяржаўных СМІ жыхары і госці Менску:

«Хлусня на посным масле».

«Мярзотнікаў, якія пад нацысцкім сцягам бегаюць, цяпер вельмі шмат».

«Гэта дурачча, адтуль, з Захаду гэта ўсё ідзе».

«Для мяне пакуль няма доказаў, і я ведаю спадара Міколу Аўтуховіча як чалавека, тое, што ён зрабіў для Беларусі і свайго роднага гораду. І галоўнае не тое, ці веру я следству ці не, я проста не веру беларускаму тэлебачанню, усё, што яны робяць, гэта фэйкі».

«Аўтуховіч яшчэ з 2005-га года быў асуджаны. Ды за што? Гэта лідар прадпрымальніцкага руху».

Бізнесовец з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч 10 гадоў таму быў абвінавачаным у крымінальнай справе аб падрыхтоўцы тэракту супраць намесніка міністра падаткаў і збораў і старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. Але ні выбухоўкі, ні гранатамётаў, якія напачатку фігуравалі ў матэрыялах следства, не знайшлі, і тады Аўтуховіча пасадзілі на 5 гадоў за 5 незарэгістраваных паляўнічых патронаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Глядзі таксама