Палітычныя прысуды 23-га снежня: турма, содні і штрафы


Сфальсіфікаваны крадзеж амапаўскай рацыі (што б гэта ні значыла) каштуе два гады зняволення. Тры з паловаю гады зняволення з накіраваннем у турму – даюць за «супраціў супрацоўнікам з ужываннем ґвалту або пагрозай яго прымянення»… У Беларусі штодня судзяць людзей, якія змагаюцца за свабодную будучыню.

 

Пенсіянерка, грамадская актывістка Алена Гнаўк сёння вызвалілася з пасткі, у якой правяла 72 гадзіны… Пасля адбытых раней содняў жанчына прыйшла ў пастарунак Ленінскага раёну Берасця, каб перадаць новае смеццевае вядро для камеры, у якой сядзела.

«Мяне прапусцілі. Нешта там доўга бегалі хлопцы, а потым прыйшлі і гавораць: «Алена Пятроўна, ёсць такая магчымасць, каб вы занеслі самі гэтае вядро ў ІЧУ», – распавяла Алена Гнаўк.

У ІЧУ жанчыну і пакінулі на чарговыя трое содняў.

Два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – вырак суддзі Святаслава Каліны для берасцейца Дзмітрыя Шчурко. Артыкул нетыповы – 205 ч.1 – крадзеж, у гэтым выпадку – службовай рацыі байца АМАПу.

«Падабраная і вернутая рацыя пераўтварылася ў скрадзеную. Вось гэтак нашае заканадаўства выкарыстоўваецца супраць нас жа. А сваіх (сілавікоў – Belsat.eu) чапаць суддзям забаронена цалкам», – кажа Дзмітрый Шчурко.

Суд праігнараваў дададзеныя да справы сведчанні пра збіванне амапаўцамі мірных грамадзянаў. Іншую берасцейку – сябру незалежнага прафсаюзу РЭП Дар’ю Палякову – міліцэйскі пратакол пераўтварыў у агрэсарку… Тая неабачліва ўзяла пад руку міліцыянта, просячы не затрымліваць ейнага калегу Аляксандра Сахарука. Атрымала крымінальную справу, ператрус і заблакаваныя рахункі:

«Я нібыта нанесла цялесныя пашкоджанні, і там напісана, што зрабіла гэта, каб адпомсціць і зразумела, што напісана пра куртку, бо на відэа бачна, што яе парвалі, адно не вядома, хто гэта зрабіў. Лепш не буду казаць сваё меркаванне на гэты конт», – кажа Дар’я Палякова.

Дар’і Паляковай пашчасціла, што пад парванаю курткай міліцыянта не знайшлося сіняка… Як у выпадку Міхаіл і Аляксандр з Берасця… Тры і тры з паловаю гады турмы адпаведна мужчыны атрымалі за «супраціў супрацоўнікам з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення» пад час пратэстаў 9-га жніўня.

«Тыя пашкоджанні, якія міліцыянт атрымаў – смеху вартыя… Гэта проста помста рэжыму людзям, якія намагаюцца абараніць годнасць, гонар і свае правы грамадзянскія», – кажа з праваабаронца Цэнтру «Вясна» Уладзімір Вялічкін.

Такіх людзей судзілі сёння і ў іншых гарадах. У Магілёве – актывіста Валадара Цурпанава, які раней адбываў содні, а на працэсе, пазбаўлены шэрагу правоў, кінуў у бок адной з суддзяў эмацыйнае «валі адсюль, хунтаўская падсцілка».

«Хунтаўская падсцілка – гэта, як я памятаю, як вясковы хлопец – гэта штука, якая дазваляе змякчыць уздзеянне той паверхні, на якую ты кладзешся. Таму тут зразумела – яны ўсе выконваюць гэтую функцыю: змякчыць удар і адбяліць дзеянні гэтых оркаў, якія на вуліцах вяжуць нашых людзей», – адзначае Валадар Цупранаў.

«Рашэнне аб тым, каб завесці крымінальную справу вырашалася не тымі людзьмі, якія падалі заяву. Хутчэй за ўсё гэта нашмат больш глыбокі ўзровень», – каментуе праваабаронца Алесь Райкан.

У Віцебску суддзя Андрэй Шыдлоўскі аштрафаваў Алену Куставу агулам на BYN 216 рублёў за тое што замяніла партрэт Лукашэнкі ў інтэрнаце на… картку «3 %». Кажа:

«Тры адсоткі – гэта рэшта маіх даходаў ад заробку – 3 %. То бок тое, што ў мяне застаецца чыстымі ад заробку».

За гэта далі «хуліганку», а пасля затрымання, якое адбывалася без супраціву, спадарыню Алену чакала неспадзяванка…

«Бо тое, што жанчына вырашала пытанне, што рабіць з дзецьмі 8 і 10 гадоў было расцэненае як непадпарадкаванне і паводле гэтага артыкулу накладзенае адміністратыўнае спагнанне», – распавёў Павел Левінаў.

Праваабаронца сочыць і за справаю нашага журналіста Змітра Лупача. Ірына Смалякова з Абласнога суда пакінула ў сіле рашэнне Пастаўскага суда, які аштрафаваў Змітра на BYN 1080 рублёў за «распаўсюд прадукцыі СМІ».

«Адметна тое, што мяне вырашылі судзіць у Дзень Нараджэння», – усміхнуўся нязломны журналіст.

Шмат часу суддзя ў імянінніка не забрала – апеляцыю разглядала 3 хвіліны.

Юлія Цяльпук, belsat.eu