Палітолаг: «Калі вы не можаце забяспечыць людзям добрага жыцця, трэба прымусіць іх паверыць, што яны жывуць добра»


1994-ты год – утварэнне беларускай дзяржаўнасці. Уласную сістэму адліку незалежнасці Рэспублікі Беларусь запрапанавала выдавецтва «Беларусь сегодня», якое належыць Адміністрацыі прэзідэнта. Якую дату трэба лічыць пачаткам суверэнітэту Беларусі, ды чаму ідэолагі спрабуюць перапісаць гісторыю?

«У 2019-ым годзе Беларусь адзначыць знамянальную дату – 25 гадоў існавання інстытуту прэзідэнцтва ў нашай краіне». Гэтымі словамі вітае сайт новага праекту дзяржаўнага выдавецтва «Беларусь сегодня» – «25-кропка-бі-ўай». Менавіта з 1994-га года аўтары парталу прапануюць адлічваць «фармаванне рэальнай беларускай дзяржаўнасці».

З пазіцыяй парталу пагаджаюцца і звычайныя беларусы, але далёка не ўсе:

«Незалежнасць Беларусі надышла з прыходам Аляксандра Лукашэнкі, я так мяркую».

«Наогул з 25 сакавіка 1918 года – утварэнне БНР – можна лічыць незалежнасцю, але ўсе ж такі з 1991-га, мне здаецца».

«Незалежнасць Беларусі склалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі».

«Калі ў нас з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Вось тады мы сталі незалежнымі. З 1991 года».

Пачатак беларускай дзяржаўнасці можна адлічваць па-рознаму, зазначае гісторык Алесь Радзюк. Гэта можа быць утварэнне і Полацкага княства, і Беларускай Народнай Рэспублікі, і нават, з пэўнымі агаворкамі, БССР.

«Канечне пра абсалютны суверэнітэт Беларусі можна казаць толькі з прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь 29 ліпеня 1990 года і наданне гэтай Дэкларацыі канстытуцыйнага характару 25 жніўня 1991 года», – гаворыць Алесь Радзюк, кандыдат гістарычных навук.

Гісторыю пішуць пераможцы, нагадвае палітолаг Павел Усаў. Нават калі гаворка пра элегантную перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Пра стварэнне культу асобы казаць яшчэ рана, аднак ідэолагі значна перабольшваюць з роляю Лукашэнкі ў фармаванні незалежнасці Беларусі. Гаворыць Павел Усаў, палітолаг:

«Лукашэнка – не гарант, а першапрычына разбурэння дзяржаўнага суверэнітэту. Гэта мы бачым, напрыклад, цягам апошніх двух тыдняў, калі ён заяўляе, што Магілёў і Віцебск – расейскія гарады. Калі Лукашэнка – гарант незалежнасці ды збудаваў яе, як пішуць дзяржаўныя медыі, то адкуль гэтыя абсурдныя і антыдзяржаўныя дэкларацыі?»

Зʼяўленне такіх праектаў эксперт звязвае з рыхтаваннем да прэзідэнцкіх выбараў: калі ва ўладаў адсутнічаюць матэрыяльныя сродкі, каб «набыць» галасы выбарнікаў, – уключаецца прапаганда, тлумачыць палітолаг Павел Усаў:

«Ёсць просты механізм маніпуляцыі свядомасці: калі вы не можаце забяспечыць людзям добрага жыцця, вы мусіце прымусіць людзей паверыць у тое, што яны жывуць добра. Улады акурат спрабуюць прымусіць людзей паверыць у тое, што яны жывуць добра, Беларусь – гэта выспа стабільнасці, а жыццё развіваецца».

Чарговыя прэзідэнцкія выбары мусяць адбыцца не пазней за 20-га жніўня 2020-га года. Крайні тэрмін у тым жа годзе і ў правядзенні парламенцкіх выбараў. Паводле кіраўніцы Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, не выключаюць, што адная з электаральных кампаніяў можа адбыцца раней, то бок акурат у 2019-ым годзе.

Міхась Ільін, belsat.eu