Пакуль вы адпачывалі, Лукашэнка працаваў


Учора гуляў у хакей, а сёння ацэньваў развіццё пасёлку Балбасава на Аршаншчыне, даваў парады ды раздаваў падарункі.

Самая адказная і цяжкая праца ў краіне. Калі не ў яе кіраўніка, то ў каго? Пытаецца, раіць і дае «жалезабетонныя» даручэнні ўва ўсіх без выключэння сферах.

«Па вясне дакладуць, як яны будуць гэта ўсё вырабляць і вырошчваць гэтыя пароды і якія пароды авечак. І колькі яны на працягу года паставяць гэтых авечак. Жалезнае даручэнне, на кантроль», – казаў ён пазаўчора ў Віцебску.

Своеасаблівы вобраз гаспадара, якому ўжо амаль чвэрць стагоддзя ёсць справа «ад абортаў да спорту», гэта вынік не толькі характару, але і абсалютнай улады Лукашэнкі, мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў: «Сапраўды, ніхто не можа гэты стыль перапыніць, ніхто не можа (прынамсі, з набліжаных людзей) сказаць, што вы, Аляксандр Рыгоравіч, у гэтым не спецыяліст. А сам ён не разумее, што ў значнай ступені выстаўляе сябе ў пэўным сэнсе на смех, на іронію».

Але самому Лукашэнку не да смеху. У нядзелю, калі ўся краіна адпачывала, ён хадзіў вуліцамі адноўленага да 7 лістапада Балбасава, распавядаючы мясцовым жыхарам і пра тое, як з’ядаў тут калісьці 12 пакункаў марозіва за раз, і пра вялікую палітыку. Раіў Польшчы адмовіцца ад ідэі размяшчэння амерыканскай вайсковай базы: «Мы з вамі ваяваць не збіраемся. Таму не трэба ствараць лішніх базаў. У адваротным выпадку мы з расейцамі павінныя будзем адказваць».

У Балбасаве Лукашэнка асабіста ацаніў асартымент прадуктовых крамаў, наведаў абноўлены Дом культуры, паслухаў песні ды нават зазірнуў у трэнажорную залу.

Не ўсе жыхары Менску смяюцца з гэтага: «Правільна, ён кіраўнік дзяржавы, і мы павінныя слухаць яго ўва ўсіх пытаннях». Аднак большасць упэўненая: «Ён павінен займацца нейкімі больш глабальнымі пытаннямі, чым такімі вось».

У размове з жыхарамі Балбасава кіраўнік краіны запэўніў, што свята 7 лістапада ўсцяж актуальнае. Але з моманту рэвалюцыі мінула ўжо больш за 100 гадоў, таму трэба надаць гэтаму дню нейкі новы сэнс.

Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода»: «Забаўны парадокс, калі самая антырэвалюцыйная ўлада адзначае гадавіну рэвалюцыі, а дакладней – перавароту».

Адзінае пытанне, якое напрошваецца ў падсумаванне, – чаму пры такім моцным ручным кіраванні ўсіх дзяржаўных механізмаў далёка не ўсё ў нашай краіне працуе, як гадзіннік?

Сцяпан Святлоў, «Белсат»