Аб'ектыў 24.04.2019 Паказуха для Масквы? Суд Гомля вынес вырак пастаўшчыкам «санкцыённых» харчоў з Беларусі ў Расею


Ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес вырак пастаўшчыкам «санкцыённых» харчоў з Беларусі ў Расею. Што гэта, руцінны крымінальны працэс ці жаданне паказаць Маскве бурную дзейнасць у барацьбе з кантрабандай?

Кармілі Расею санкцыйнымі харчамі, а цяпер сядуць у калонію на 3-6 гадоў і заплацяць амаль па 13 тысячаў рублёў кожны. Суд Чыгуначнага раёну Гомля пакараў удзельнікаў дзвюх схемаў па перапродажы ўкраінскіх сыроў ды турэцкае садавіны. Прадукцыю ўвозілі на тэрыторыю Беларусі нібы для ўнутранага спажывання…

«Далей, паводле таварных накладных, аформленых ад разнастайных ІП, перамяшчалася на склад у Менскай вобласці, дзе праводзілася пераклейка маркіраваных этыкетак на этыкеткі вытворцаў Рэспублікі Беларусь ды іншых краінаў, якія не падпадаюць пад санкцыі Расейскае Федэрацыі», – сцвердзіў Сяргей Аксёнчыкаў, намеснік начальніка УБЭЗ УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Цягам года асуджаныя паводле адной схемы зарабілі на ўкраінскіх сырах 2,54 мільёна еўраў, а ўдзельнікі іншай групы атрымалі даходу больш як на 4,2 мільёна долараў – усё за тыя ж сыры і за турэцкую садавіну.

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч называе працэс над кантрабандыстамі хутчэй паказальным:

«Насамрэч, злавіць аднаго ці двух кантрабандыстаў ці злачынную групоўку – гэта не значыць перамагчы гэтую сітуацыю».

Пытанне ж у тым, а ці жадаюць улады ў Беларусі гэтую сітуацыю перамагаць. Паўтара месяца таму на нашым тэлеканале выйшла праграма «Давайце разбірацца», прысвечаная кантрабандзе «санкцыёнкі» з Беларусі. Толькі на YouTube расследаванне Станіслава Івашкевіча паглядзела больш як чвэрць мільёна чалавек. Але ані следчыя органы Беларусі, ані органы ў Расеі ўскрытымі фактамі не зацікавіліся.

Аўтар праграмы ж такому выніку асабліва не дзівіцца – бо інтарэсы згаданых у расследаванні фірмаў пераплятаюцца з найгалоўнейшымі асобамі ў дзяржаве:

«Гэта кампаніі, якія належаць буйным бізнесоўцам, якія ўваходзяць у блізкае атачэнне Віктара Лукашэнкі, набліжаныя да самога Лукашэнкі, і ў іх абароты ідуць на дзясяткі мільёнаў долараў».

Што ж да сённяшняга выраку, то, паводле Уладзіміра Мацкевіча, гэта спроба кіраўніка краіны адказаць на прэтэнзіі «Рассельгаснагляду», якія, зрэшты, таксама носяць палітычны, а не фітасанітарны характар:

«Лукашэнка імкнецца адвесці ад сябе абвінавачванне, перакладваючы адказнасць на прыватныя фірмы. Гэтым сапраўды займаюцца прыватныя фірмы, але не без дазволу беларускіх чыноўнікаў, якія атрымоўваюць за гэта хабар».

Паводле нашага суразмоўцы, на расейскім рынку проста ёсць попыт на замежныя харчы, а ў Беларусі захоўваюцца адпаведныя выгодныя ўмовы для такога экспарту, сярод іншага, адсутнасць належнай мяжы. І пакуль гэта не зменіцца, кантрабанда будзе працягвацца.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары