Пакажыце нам фотаздымкі «непашкоджанага» корпусу рэактара!

[vc_row][vc_column][vc_column_text]Улетку не ўтрымалі, цяпер зачапілі. Новы корпус рэактара, які транспартуюць на будоўлю Астравецкай атамнай электрастанцыі, трапіў у інцыдэнт у Талачынскім раёне. А менавіта – сутыкнуўся з чыгуначным слупам.

Неафіцыйная інфармацыя ад сведкаў зʼявілася яшчэ ўчора, сёння ж факт здарэння пацвердзілі ў прэсавай службе БелАЭС. Пераконваюць, што хваляцца ня трэба.

«26 снежня падчас выканання манеўровых аперацыяў на станцыі Слаўнае ў негабарытным месцы адбыўся нязначны дотык ахоўнага металічнага транспартавага кажуха звышгабарытнага грузу аб апору кантактавай сеткі. Пашкоджанняў на корпусе рэактара не выявілі», – кажуць у аддзеле інфармацыі БелАЭС.

Адмыслоўцы адразу задаліся пытаннем: ня выяўлена як? Бо цяпер канструкцыя патрабуе вельмі пільнага абследавання і ня проста «на вока».

«Правесці абследаванне рэактару на БелАЭС няма магчымасці, і яго трэба зноўку вяртаць «Росатаму». Няхай ён робіць з ім што захоча», – мяркуе Дзмітрый Кучук з партыі «Зялёныя».

Кампанія-падрадчык «Атомстройэкспорт» запэўніла, што па прыбыцці на будаўнічую пляцоўку ў Астраўцы корпус пройдзе адмысловую тэхнічную экспертызу.

Свой шлях у Беларусь ён пачаў у расейскім горадзе Валгадонску 31-га кастрычніка. Імаверна, ён стане на месца першага корпуса, які быў пашкоджаны ўлетку. 10-га ліпеня 330-тонная канструкцыя сарвалася з вышыні некалькі метраў. Пасля доўгага адмаўлення інцыдэнту ўлады Беларусі прызналі аварыю і запатрабавалі ў «Росатаму» замены корпуса. Для расейскага фізіка-ядравіка ды эколага Андрэя Ажароўскага цяперашні выпадак – гэта «дэжавю» летніх падзеяў.

«Калі яны хочуць, каб мы ім верылі, то пакажыце нам фотаздымкі, вось гэтага знесенага слупа, і вось таго самага корпусу рэактара, на якім няма пашкоджанняў. Памятаеце, летам казалі, што на корпусе нешта сцерлася, а потым аказалася, што рэактар настолькі моцна пабіты, што прыйшлося замяняць… Калі яны не могуць нармальна даставіць рэактар, то дзе гарантыі, што яны змогуць яго змантаваць нармальна?», – кажа фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Асцярога датычна адкрытасці ды бяспекі беларускае будоўлі маюць і нашыя паўночныя суседзі. Афіцыйная Вільня дэманструе вельмі жорсткую пазіцыю адносна будоўлі станцыі, якая будзе працаваць усяго за 60 кіламетраў ад літоўскае сталіцы.

«Што тычыцца будоўлі любога атамнага абʼекту, то я лічу, што ён мусіць увогуле транслявацца онлайн, каб кожны мог паглядзець, што там адбываецца на гэтых пляцоўках. Таму што сапраўды скрываецца да апошняга інфармацыя. Ды вось жывы прыклад, Ленінградская атамная электрастанцыя. Пакуль усё не абвалілася, казалі, што ўсё цудоўна, усё добра», – распавядае эколаг Віталіюс Балкус.

Адмыслоўцы цвердзяць, што для ўладаў Беларусі на фоне шматлікіх інцыдэнтаў на будоўлі, у тым ліку трох пацверджаных смерцяў, яшчэ ня позна адмовіцца ад рэалізацыі праекту.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама