Пагрозы забраць дзяцей з сямʼі давялі маладую маці да самагубства


Візіты «правяраючых органаў» з пагрозамі забраць дзяцей падштурхнулі да самагубства маладую маці на Гомельшчыне. Бацькі не былі ні алкаголікамі, ні злачынцамі. Што адбылося: трагічнае непаразуменне ці вынік сістэматычнага самаўпраўства? Высвятляў Аляксандр Папко.

Вёска Буда на Гомельшчыне. На гэтым дрэве ля ўласнай хаты павесілася 32-гадовая Вольга. Сіротамі засталіся трое хлопчыкаў васьмі, сямі ды трох гадоў. Аксана, сястра загінулай, распавядае:

«Яна ўражлівая была. Гэтая сацапека пастаянна ціснула: «Дзяцей забяром! Дзяцей забяром!» Павінныя былі ў панядзелак гэты прыехаць! А тут яшчэ на працы накрычалі! У яе нічога не атрымлівалася! Я ж прасіла: «Дапамажыце!» Я і ў цэнтр працаўладкавання званіла, прасіла: вазьміце яе дзённым сторажам! Языкамі толькі памагалі!»

Раённая камісія адзначыла, што дзеці – у сацыяльна небяспечным становішчы. Сям’ю штотыдзень наведвалі праверкі з сельсавету, пажарных службаў ды міліцыі – кажуць суседзі. Пры гэтым ані алкаголікамі, ані злачынцамі Вольга і ейны муж Ігар не былі.

«Заўсёды пасцірана, наварана, дзеткі дагледжаныя. Чаго хацелі ад іх – я не ведаю! Ну вось на глебе гэтага можа нешта і не вытрымала. Самі разумееце – нервы ў кожнага здаюць», – гаворыць сусед Мікалай.

Органы сацыяльнай апекі патрабавалі, каб Вольга, якая восенню выйшла з дэкрэту, як мага хутчэй пачала працаваць. Жанчыну, якая адставала ў разумовым развіцці, уладкавалі даяркаю.

«Брыгадзір накрычала, маўляў, ідзі дадому і не прыходзь! А яна літаральна гэта ўспрыняла – ісці дадому. Ну і глядзіць, што нічога ў яе не атрымліваецца – ні на працы, ні ўдома. І вось як атрымалася», – кажа сястра загінулай.

Ці беднасць – дастатковая прычына, каб пагражаць забраць дзяцей? Вось што пра гэта думаюць жыхары Глыбокага:

«Бацькі павінныя не працаваць і любіць спіртное».

«Як дзеці збітыя, як не накормленыя. Таму што іншы раз і несправядліва забіраюць!»

«Напэўна, у тых, у каго трэба забіраць, яны не забіраюць. Адкладваюць чамусьці на пазней. А ў каго не трэба забіраць, але хочацца правучыць – могуць забраць!»

Навязлівая, але шчыльная беларуская сістэма сацыяльнай апекі дазволіла выратаваць тысячы дзяцей – аргументуюць практыкі. Марына Папко, лекар агульнай практыкі, на пенсіі:

«У сацыяльна небяспечнае становішча ставяць дзеля дзяцей. Што патрэбна дзецям? Мінімальныя ўмовы, якія ім патрэбныя: ежа, цяпло ў доме, чыстая вопратка і пасцель, магчымасць зрабіць урокі. Бацькі павінныя глядзець, чым займаюцца дзеці».

Рашэнне, што дзеці – у небяспецы, прымае адмысловая раённая камісія з мясцовых чыноўнікаў, прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, міліцыі ды часам – аховы здароўя. Дзяцей не забіраюць адразу. Праблемную сям’ю не менш за паўгода наведваюць дактары, настаўнікі, пажарнікі і мясцовыя ўлады. Таццяна Калгіна, псіхолаг:

«Альбо дапамагчы бацькам, альбо іх кантраляваць. Калі сямʼя ставіцца ў сацыяльна небяспечнае становішча, то гэта каб аказаць дапамогу! Яны патрабуюць яе! У нас некаторыя семʼі, якія ставілі ў сацыяльна-небяспечнае становішча, былі ўдзячныя. Удзячныя, што на іх звярнулі ўвагу».

Толькі дзе мяжа паміж дапамогай ды псіхалагічным ціскам? Пакуль Следчы камітэт высвятляе прычыны самагубства Вольгі, сястры загінулай ужо патэлефанавалі. Праўда, не псіхолаг, а старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў. Ён заявіў, што распавёўшы журналістам пра смерць сястры, жанчына ачарніла раён.

Аляксандр Папко, belsat.eu