Паэт Дзмітрый Строцаў атрымаў 13 содняў арышту


Чацвер – гэта адзіны дзень тыдня, калі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна прымаюць перадачы для тых, хто адбывае тут пакаранне ці чакае разгляду справы. Адстаяла гэтую чаргу і жонка Дзмітрыя Строцава.

Пра знікненне паэта дазналіся напярэдадні.

«Мы ўчора пайшлі самым правільным шляхам, патэлефанавалі ў 102 і заявілі, што прапаў чалавек, шукайце. Ператэлефанавалі мне сёння а сёмай раніцы: знайшлі мы яго, у цэнтральным ён РУУС», – распавядае Ганна Строцава, жонка паэта.

Ганне Строцавай паведамілі, што на ейнага мужа склалі пратакол паводле артыкула 23.34 за парушэнне правілаў правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

«У той дзень ніякіх акцыяў не было – ён ішоў проста працаваць, ён дамовіўся з чалавекам і ішоў працаваць», – тлумачыць Ганна Строцава.

Дзмітрыя Строцава пакаралі 13-цю соднямі арышту.

Ганне Строцавай пашанцавала, перадачу ў яе прынялі, гэта азначае, што ейнага мужа не вывезлі з Менску на гэты дзень.

Студэнтку ўніверсітэту культуры Ганну Пашкевіч затрымалі ў суботу, кажа яе сяброўка Таццяна Гоман:

«Мы нават не ведаем, ці яна тут, бо нам сказалі, што а пятай ранку 90 чалавек вывезлі ў Баранавічы. І мы стаім у чарзе, чакаем інфармацыі, ці тут яна».

А Юлія Сеюр з нядзелі, калі на аўтобусным прыпынку забралі ейнага мужа, не можа дазнацца, дзе ён:

«Мы асабіста бачылі, што выехала пяць аўтазакаў, з’явілася інфармацыя, што там каля 90 асобаў. 2:29 Гэта не першы раз робіцца, шмат хто ведае, што каб не атрымаць перадачы, нейкую колькасць перавозяць туды, адтуль – сюды, і гэтак кожную сераду – чацвер адбываецца».

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Баранавічы вывезлі прынамсі чатырох з шасці журналістаў, якія адбывалі арышты на Акрэсціна.

У Берасці ж справу журналістаў адправілі на дапрацоўванне. Рамана Чмяля і Максіма Хлябца трое содняў утрымлівалі ў ізалятары, затрымаўшы ў нядзелю падчас асвятлення пратэставага маршу.

«Гэта трэці тыдзень запар, калі ў нядзелю затрымліваюць берасцейскіх журналістаў, Мілана Харытонава была першая, хто адседзеў содні, Алег Палішчук таксама пераночыў у ІЧУ, і вось цяпер мы 72 гадзіны былі там», – кажа старшыня берасцейскай філіі БАЖ Максім Хлябец.

Вінавацяць журналістаў ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве.

У Магілёве масавым мерапрыемствам палічылі групавое фатаграфаванне. Здымак з плакатам «Я-МЫ Андрэй Вярбіцкі» магілёўцы спрабавалі зрабіць на знак падтрымання свайго земляка, моцна збітага пры затрыманні. Цяпер ён адбывае 26 содняў арышту.

«Мне сказалі: не дай бог я цябе пабачу ў горадзе дзесьці, не абавязкова ў нядзелю, то табе будзе балюча. Так мне сказаў таварыш падпалкоўнік, здаецца. Я кажу: дык што – цяпер і фатаграфавацца нельга, нічога больш за тры асобы? Ён сказаў: так, будзеш сядзець доўга», – распавядае ўдзельніца фотасесіі Валерыя Чэпікава. Дзяўчыну пакаралі штрафам 540 рублёў.

Працягваюць ціснуць на спартоўцаў – найлепшага беларускага шахматыста Уладзіслава Кавалёва, які разам з іншымі спартоўцамі падпісваў адкрыты ліст, выключылі з нацыянальнай зборнай. А былога капітана зборнай Беларусі ў баскетболе Ягора Мешчаракова за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі аштрафавалі на 540 рублёў.

У Менску гарадскі суд адмяніў прынамсі дзве пастановы пра адміністратыўны арышт. Заснавальнік праекту Petitions.by Уладзімір Кавалкін паспеў адбыць 12 з 15-ці прызначаных яму ў судзе Фрунзенскага раёну содняў, а актывістка Галіна Лагацкая цалкам адбыла 7-содневае пакаранне, прызначанае судом Маскоўскага раёну сталіцы. Абедзве справы будуць разглядаць нанова іншыя суддзі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»