Падымаць гаспадаркі Віцебшчыны будуць падаткаплатнікі

Не ўрачыстае перапахаванне герояў Беларусі, а сённяшнюю селектарную нараду назваў Лукашэнка гістарычнаю падзеяй. На ёй прысутнічалі ўсе топ-чыноўнікі аграпрамысловасці Віцебскай вобласці. Былі разборы ды разносы. Ці чакаць цяпер прарыву ў сельскай гаспадарцы?

Гаспадаркі Віцебшчыны застылі ў чаканні пераменаў. Па рэцэпт дабрабыту да галоўнага агранома краіны сёння паехалі кіраўнікі ўсіх райцэнтраў вобласці з найслабейшым аграсектарам.

«Высветлім, паводле якіх прычынаў сельгасгаліна вобласці апынулася ў такім стане. Ці выяўленыя ўсе прычыны, якія прывялі да такой сітуацыі?» – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

У апошнія 5 гадоў аб’ём вытворчасці сельгаспрадукцыі на Віцебшчыне зменшыўся на 2 %. Тут найменшыя надоі і прыбаўленне скаціны ў вазе, устойлівы падзеж жывёлы. І стратных гаспадарак тут найбольш. Ажно 37 % працаўнікоў сяла зарабляюць менш, чымся Br 500. Праблемы мае вырашыць гіперхолдынг, прапанову стварыць які прывезлі ў Менск віцебскія вертыкальнікі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

– Калі я добра разумею, вобласць ужо падзеленая на холдынгі, так Уладзімір Андрэевіч?

– Уся не ўся, але падзеленая на 4 холдынгі – гэта інтэграцыйныя структуры, праца якіх не атрымала станоўчага выніку… – адказвае Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты Прадстаўнікоў.

– То як мне гэта разумець, і чаго мы чакаем ад новага холдынгу? – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка загадаў пакінуць калгасы і саўгасы як ёсць – з уласнымі разліковымі рахункамі. Галоўнаю праблемаю агракомплексу на Віцебшчыне ён назваў парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны і безгаспадарлівасць. Плаціць за якую будуць вылучаныя Нацбанкам… іншыя банкі. Паводле Лукашэнкі, там і так «жыруе жуллё», якое трэба дагрузіць калгасамі. Троху «падкіне» і дзяржава.

«Ільготныя субсідыі папросту змяншаюць падаткі і пераносяць усе праблемы неэфектыўнасці гаспадарак на бюджэтны бок, то бок грошы забіраюць у спажыўца», – тлумачыць Леанід Заіка, эканаміст.

Спансараваць будзем не толькі віцебскую вобласць. Падобная сітуацыя з гаспадаркамі на Магілёўшчыне і на Гомельшчыне. Як успрымаюцца кіраўніком нізкія паказнікі бачылі не раз:

«Гэта вапіюшчая безгаспадарлівасць! Гэта папросту злачынства».

Пасля сакавіцкага разбору ў комплексе «Сліжы» на Шклоўшчыне была рэкордная сёлета колькасць звальненняў… Пасля гэтага Камітэт дзяржкантролю ператрос сельгасарганізацыі па ўсёй краіне. У выніку: 15 крымінальных справаў, 188 кіраўнікоў і спецыялістаў пакаралі штрафамі, а 83 чыноўнікі і 605 арганізацыяў – дысцыплінарна.

У сярэдзіне жніўня Лукашэнка наведваў Аршыншчыну. Каровы былі накормленыя, аніякай занавожанасці, але статыстыка карцінцы не адпавядала, бо на 17 % узрос падзеж буйной рагатай скаціны і на 24 % – свінняў. «Разборкі будуць жорсткія», – запэўніў тады правяральнік.

Не варта сілком выціскаць аб’ёмы з вытворчасці, кажа Аляксандр Ярашук з Беларускага Кангрэсу незалежных прафсаюзаў:

«Тых абʼёмаў вытворчасці, якія мы маем, сёння дастаткова, скажу вам адказна… І для таго, каб вырашаць пытанні харчовай бяспекі краіны, і каб накіроўваць немалыя абʼёмы харчавання за межы».

Тым не менш, па выніках года дзяржава абяцала падлічыць страты гаспадарак у выглядзе пагалоўя і недажыну з палёў ды прыцягнуць кіраўнікоў да адказнасці.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама