Падтрыманні за затрыманні


Пачастункі, шампанскае, але перадусім – цеплыня і ўвага! Незвычайны сюрпрыз падрыхтавалі валанцёры ў Віцебску і Гомлі для людзей сталага веку, што бралі ўдзел у пратэстах.

Падарункі з садавіной, цукеркамі ды шампанскім. Для пажылых віцяблянаў гэта стала прыемнай нечаканасцю перад Новым годам.

«Мне вельмі прыемна, што ў мяне столькі сяброў, і я, канечне, веру ў светлае будучае, і яно прыйдзе», – адзначае грамадская актывістка, пенсіянерка Раіса Кухто.

«Даўно ў мяне не было такіх падарункаў. Ніхто мяне так не віншаваў», – кажа пенсіянер анатоль Мацвееў.

Маладыя віцябляне віншуюць са святам пажылых людзей, якія актыўна ўдзельнічалі ў сёлетніх мірных акцыях пратэсту ды пацярпелі ад уладаў. Падарункі атрымалі каля дваццаці чалавек.

«Дзеля салідарнасці мы робім гэта, а таксама, каб нашыя пенсіянеры ведалі, што мы іх паважаем, шануем за іх дзейнасць у нашай агульнай барацьбе», – одначае валанцёрка Наталля.

А на развітанне фотаздымак на памяць.

Валанцёры з Гомля напярэдадні Новага года завіталі да дзяцей актывістаў, палітыкаў, журналістаў, якія пацярпелі пасля выбарчай кампаніі. У кульках – прысмакі, кнігі, гульні ды лялькі.

Шматдзетная маці Алена Давыдава ўражаная: «Аказваецца вялікая падтрымка навакольнымі, ты разумееш, што цябе падтрымліваюць, гэта вельмі прыемна. Настолькі прыемна, што гэта надае моцы для наступнай барацьбы».

«Падарункі для дзяцей – гэта ўвогуле добрая ідэя, такая нечаканая ідэя. Не чакалі, што да нас прыйдуць з падарункамі, павіншаваць з Новым годам, гэта вельмі прыемна», – адначае грамадская актывістка Таццяна Бачурная.

Дапамогу збіраюць валанцёры праз сацсеткі. Большасць з іх таксама адчулі на сабе ціск. І таму добра разумеюць, калі дзеці часова застаюцца без бацькоў.

«Проста прыносяць простыя людзі свае нейкія падарункі, выдумваюць, прывозяць да нас, а мы тым часам развозім, калі ў нас ёсць час, гэтыя падарункі», – кажа валанцёр.

Агулам падарункі ад неабыякавых гамельчукоў праз валанцёраў атрымалі каля 50-ці дзяцей. Каго не павіншавалі сёння, той атрымае салодкі падарунак на Раство.

Эльшад Акбераў, Белсат