Падтрыманне для ахвяраў гвалту застанецца


Беларусы, пацярпелыя ў часе мірнага пратэсту, цяпер сутыкнуліся з новаю праблемаю – немагчымасцю скарыстацца з уласных рахункаў: на іх Следчы камітэт наклаў арышт праз атрыманне фінансавага падтрымання.

Сяргей быў затрыманы 11 жніўня і моцна збіты ў Фрунзенскім РУУС Менску, прайшоў праз катаванні на Акрэсціна. Ад кампаніі «BY_help» ён атрымаў ля 1300 беларускіх рублёў дапамогі на рэабілітацыю, лекі і выдаткі на жытло, бо на той час меў праблемы з працаю. Цяпер жа Сяргей апынуўся ў шэрагу тых, каму банкі заблакавалі рахункі.

«Учора едучы на працу пабачыў у інтэрнэце артыкул TUT.BY пра тое, што пачалі блакаваць рахункі людзям, якія атрымалі дапамогу ад «BY_help». Я зайшоў у інтэрнэт-банкінг і пабачыў, што мой рахунак таксама заблакаваны», – распавядае пацярпелы Сяргей.

Сяргей на параду кампаніі «BY_help» пачаў разбірацца ў прычынах блакавання дзейнага рахунку, бо і надалей мае патрэбу ў сродках на лекаванне.

«Адказалі, што не могуць паведаміць ніякіх звестак – маўляў, калі хочаце падрабязнасцяў, то неабходна прыехаць у банк і разбірацца, праз тэлефон нічога сказаць не могуць», – кажа хлопец.

Праваахоўныя органы заарыштавалі рахункі людзей, якія атрымалі падтрыманне ад «BY_help», бо распачалі крымінальную справу ў дачыненні аднаго з суарганізатараў кампаніі Аляксея Лявончыка. Прычына – дзейнасць, скіраваную быццам бы дэстабілізаваць грамадскі парадак. Сам Аляксей тлумачыць гэта ўсё наступным чынам:

«Такое рабіла Венесуэла, такое рабіла Бірма, я не буду называць Паўночную Карэю, бо там няма банкаўскае сістэмы як такой. Але гэта рабілі рэжымы, што былі паўнавартаснымі вайсковымі дыктатурамі. І, шчыра кажучы, грошы, якія цяпер застаюцца ў беларускай банкаўскай сістэме, не абароненыя нічым».

Да гэткае самае думкі схіляецца і старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб – беручы пад увагу досвед ціску на «БелГазПрамБанк», калі пацярпелі звычайныя кліенты.

«Цяпер мы сутыкнуліся з тым, што без пастановы суда паводле ліста праваахоўнага органа кожнага ўкладальніка можна або пазбавіць грошай, або намаляваць у яго на рахунку мінус. Прэцэдэнт, як кажуць, створаны. І цяпер кожнаму чалавеку варта задумвацца, ці захоўваць у банку грошы», – мяркуе старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Калі пры накладанні арышту на рахункі банкі не могуць не выканаць распараджэння Следчага камітэту або Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, то з стварэннем адмоўнага балансу ўзнікаюць пытанні якраз да банкаўскае сістэмы.

«Калі ў мяне з банкам няма крэдытнае дамовы, калі няма overdraft, калі ў мяне звычайны бягучы рахунак, што не прадугледжвае мінусу, то якім чынам гэты мінус утварыўся?», – падкрэслівае Вадзім Іосуб.

Нягледзячы на няпростае становішча, кампанія «BY_help» намераная і надалей дапамагаць людзям.

«Пакуль для нас прыярытэт нумар адзін – стварыць мануал для праўнае дапамогі, ды нумар два – гэта для тых, хто зусім застаўся без грошай, у сэнсе працы з іншымі ініцыятывамі», – зазначае Аляксей Лявончык.

Сустваральнік кампаніі Аляксей Лявончык нагадвае, што кампанія «BY_help» скіраваная быць пасярэдніцаю паміж тымі, каму патрэбнае падтрыманне і тымі, хто можа дапамагчы. Утварэнне ж гэткага кшталту фонду сталася магчымым дзякуючы салідарызацыі беларускага грамадства.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»