Падрамантавалі дом: падчас дажджу ў пакоях – вадаспад

Было цёплае і сухое надвор’е – клалі бардзюры і рамонтавалі балкон, а як пайшлі дажджы – узяліся за дах. У гарадскім пасёлку Бешанковічы жыхары дому па вуліцы Маладзёжная сталіся закладнікамі ападкаў і недальнабачнасці рамонтнікаў. Хто панясе адказнасць за пашкоджаныя кватэры? У справе разбіраўся Віталь Бабін.

Наталля Бондар, якая жыве ў доме нумар 15 на вуліцы Маладзёжнай у Бешанковічах, – адная з дзясяткаў жыхароў, хто пацярпеў ад капітальнага рамонту свайго дому. Сёлета ў чэрвені тут пачалі напраўляць дах.

«Жыццё ператварылася ў катаванне, пекла. Кожны раз, як ідзе дождж, трэба бегчы дадому і ратаваць, збіраць гэтую ваду анучамі. Часамі да раніцы даводзіцца збіраць. Аднойчы ў нас ад моцнага дажджу павыбівала электрычнасць, мы 12 гадзінаў былі без святла, і я пры свечках збірала гэтую ваду адсюль у вёдры», – кажа спадарыня Наталля.

Ідзе дождж – цярпяць сцены, падлога, шпалеры ў кватэрах. Некаторыя жыхары не вытрымалі – з’ехалі да сваякоў.

«І тазікі падстаўляем, і вёдры, і ваду выносім. Каб да суседзяў не цякло. Хоць і так працякае, і столі абвісаюць», дадае іншая жыхарка дому Любоў Дарашкова.

Напачатку камунальнікі скіроўвалі людзей да падраднай арганізацыі, якая выконвае рамонтныя працы. Там паабяцалі праз страхаўнікоў скампенсаваць усе страты – згодна з дэфектнымі актамі. Аднак «Белдзяржстрах» не пагадзіўся на такія ўмовы: маўляў, калі пацярпела толькі частка шпалераў ці сцяна, то выплаты будуць разлічваць толькі на гэтую частку, а не на ўвесь пакой.

«Як можна было пакінуць людзей вось у такім становішчы? Абсалютна ніхто не можа нам дапамагчы», – кажа жыхарка дому Галіна Мачыха.

У выніку жыхары шматпакутнага дому звярнуліся ў раённую адміністрацыю, аблвыканкам і нават у адміністрацыю кіраўніка краіны.

Матэрыял Віталя Бабіна глядзіце ў поўным выданні навінаў за 26 жніўня

«У апошні час пасля праліўных дажджоў, якія ідуць у Віцебскай вобласці больш за месяц, вельмі шмат скаргаў трапляе ад жыхароў гораду і вобласці на тое, што працякаюць дахі. І вельмі дрэнная праца жыллёва-камунальных службаў праглядваецца і зараз», – кажа Ірына Захарава з грамадскай кампаніі «Віцебск – горад наш».

Аднак намеснік дырэктара ў справе добраўпарадкавання і ўтрымання жылога фонду прадпрыемства «Бешанковіцкі камунальнік» Васіль Шчука не згодны з такім меркаваннем: маўляў, сітуацыя выйшла з-пад кантролю з віны падрадчыкаў, якія не спраўдзілі доўгатэрміновага прагнозу надвор’я. І запэўнівае, што страты, зазнаныя людзьмі ў выніку недальнабачнасці рамонтнікаў, скампенсуюць у поўным аб’ёме.

«На сёння надвор’е дазваляе нармалёва працаваць: 50 % рамонту даху выканалі. Таму трэба патрываць. Мы сваіх актаў не змянялі, таму ў любым выпадку нават да судовых разбіранняў дзяржстрах будзе гэта кампенсаваць», – кажа Васіль Шчука.

Мужчына паведаміў «Белсату», што скончыць рамонт даху маюць ужо да 20-га верасня. Калі ж хтосьці пабачыць у прагнозе, што бліжэйшымі днямі ў Бешанковічах чакаюцца дажджы, і дах будзе цалкам раскрыты, – параіў адразу звяртацца да камунальнікаў: апошнія абяцаюць неадкладна выехаць на месца, каб больш не дапусціць паўтарэння гэткай сітуацыі.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама