На доме 111 па вуліцы Горкага ў Глыбокім усталявалі мемарыяльныя табліцы ў гонар героя Першай сусветнай вайны Вікенція Дразда, былога гаспадара сядзібы, і мастака Язэпа Драздовіча.
«Драздовіч, і Дразды – гэта людзі, якія былі свядомымі беларусамі і аднымі з першых на Глыбоччыне далучыліся да нацыянальнага руху», – кажа краязнаўца Кастусь Шыталь.
Вікенцій Дрозд – герой Першай сусветнай вайны, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені, у свой час нават ахоўваў стаўку Мікалая ІІ у Магілёве. У міжваенны час Вікенцій гадаваў пародзістых коней, а пасля калектывізацыі працаваў брыгадзірам-агароднікам.
«Было больш за 20 гектараў зямлі. І ўсё жыццё марылі, каб хутар. Але дзякуй Богу, што гэта не атрымалася. Каб гэта атрымалася, уся наша сям‘я была б ці ў Сібіры, ці ў Курапатах», – ўпэўнены сын Вікенція Дразда Георгій.
Вікенцій Дрозд і Язэп Драздовіч сваякамі не былі, але падтрымлівалі добрыя адносіны. Мастак-самотнік, у якога не было ні сям’і, ні ўласнага дому, часта заходзіў да Драздоў, а пэўны час нават жыў у іх на кватэры.
«Ён скажа: «Ну, дзеўчукі, хадзіце, я вам красналюдкаў нарысую». Адкрывае гэты куфэрак, з куфэрка дастае паперу, фарбы, пэндзлі, алоўкі. І нарысуе нам розныя карцінкі», – прыгадвае дачка Вікенція Дразда Зоя Голікава.
Язэп Драздовіч – адзін з найвыбітнейшых беларусаў. Мастак, археолаг, пісьменнік, этнограф, фалькларыст і вечны вандроўнік. Спадарыня Зоя шкадуе, што не захавала ніводнага малюнка генія, які любіў спаць у іх на печы, але радая, што хаця б дом захаваўся. Пабудаваны ў 1870 годзе дзедам Вікенція Дразда Іванам, гэты дом – адна з нямногіх пабудоваў, што ацалелі ў Глыбокім падчас Другой сусветнай вайны.
«Таму што перад тым як немцы запальвалі перад адступленнем Глыбокае, вакол гэтага дому прайшліся шэсцем з іконай. І немцы падпалілі дом, а ён не загарэўся. А ўсе астатнія згарэлі на гэтай вуліцы», – распавядае краязнаўца Уладзімір Скрабатун, былы вучань Зоі Голікавай.
Памятныя табліцы на славутым доме сталі вынікам плённай працы Аляксандра Тухто. Спонсарамі выступілі прадстаўнікі сям’і Сабалеўскіх, якія бяруць актыўны ўдзел у жыцці Глыбокага, бо адсюль паходзяць іхныя продкі.