«Падняць канапавыя войскі!» У Гомлі пачынаюць карміць галубоў як у Берасці


Узяць прыклад з Берасця. Сёння ў Гомлі прайшла другая сустрэча на набярэжнай Сожу. Людзі прайшліся ад помніка першаму гамельчуку да пляцоўкі ля клубу «Нэма».

«Падняць канапавыя войскі, каб не бурчэлі на кухнях, на лавачках. Прыходзьце сюды, на набярэжную. Гэта будзе наш з вамі кангрэс. Будзем вырашаць тут пытанні, назавем яго «Сожскім кангрэсам», – кажа пенсіянерка Ала Захарава.

Неўзабаве актывісты збіраюцца на прыём да намесніка старшыні гарвыканкаму, каб выказаць незадаволенасць усталяваннем флагштока на плошчы Леніна – каштуе ён амаль паўтара мільёна рублёў.

«Чаму, якія людзі прымаюць рашэнні пра выдзяленне такіх бюджэтных сродкаў на 700 тысячаў [долараў]? Гэта ж хутчэй за ўсё будзе на наступным тыдні. Чаму менавіта флагшток, а не школа?», – зазначае Юрый Уласаў.

Абмяркоўвалі сёння на набярэжнай і іншыя набалелыя праблемы. Распавядае Аляксей Раманаў: «Я цяпер працую на поўначы, на Ямале. Я б працаваў у Беларусі. Але я вымушаны за 3 тысячы км ездзіць, лётаць. Гэта вельмі складана. Я сямʼі не бачу, дзяцей не бачу, унучак не бачу. Усё дзякуючы нашаму санцалікаму».

Акцыю ў Гомлі абвесцілі бестэрміновай – штонядзелю а 12-й гадзіне.

«Няма чаго баяцца. Каго баяцца, чаго баяцца? Гэтага прышлага, незаконнанароджаную мярзоту?»

Выходзілі людзі на плошчу сёння і ў Светлагорску. Каля дваццаці чалавек пратэставалі супраць заводу беленае цэлюлозы, які два тыдні таму наведаў Аляксандр Лукашэнка:

– Кепскіх ды іншых пахаў няма, і іншае, і іншае. У вас усё з экалогіяй нармальна?

– Мы б не падпісалі акт уводу, і Мінпрыроды, і Мінздароўя – усё падпісана, – адказваў кіраўніку краіны старшыня канцэрну «Беллеспаппрам» Юрый Назараў.

– То бок, няма пытанняў?

– Няма праблемаў!

«Старшыня канцэрну Назараў Юрый Віктаравіч – гэта ён яму казаў, што са смуродам усё вырашана. Вядома, вырашана! Ён жа жыве ў Менску, ён не жыве ў Слабадзе, ён не жыве ў Светлагорску», – звяртае ўвагу Алена Маслюкова з праваабарончага цэнтру «Вясна».

У Берасці на традыцыйнае кармленне галубоў сабралася да сотні ўдзельнікаў. Кампанія «АйПаўэр» падала дакументы на экалагічную экспертызу. Пасля заявы актывістаў міліцыя праводзіць правяранне наконт падробкі папераў.

«Там бачна, што пячаткі несапраўдныя, што пячаткі ўстаўленыя ў графічным рэдактары, то бок, дакументы – ліпа», – сведчыць удзельнік «Свінцовае варты» Алег Вялаў.

«Для мяне гэта нонсэнс, як міністэрства магло прыняць гэтую дакументацыю, не дачакаўшыся расследавання МУС», – дадае праціўнік акумулятарнага заводу Уладзімір Мароз.

На гэтым тыдні расейскі прафесар і чыноўнік Кірыл Фрыдман, запрошаны кампаніяй «АйПаўэр», прапанаваў зноў запусціць акумулятарны завод, каб ацаніць яго шкоднасць. Пратэстоўцы напісалі ліст расейскаму генконсулу Ігару Канякіну.

«Грамадскасць гораду (…) просіць неадкладна прынесці публічныя выбачэнні ды адмовіцца ад намераў і рэкамендацыяў правесці доследы ўздзеяння свінцу на насельніцтва гораду і раёну, якія паўтараюць доследы ў [нацысцкім канцлагеры] Заксэнгаўзэне», – гаворыцца ў звароце берасцейцаў

Тым часам на гэтым тыдні гарвыканкам чарговы раз не дазволіў берасцейцам сабраць сапраўдны мітынг пратэсту.

«Мы падалі яшчэ 7 заявак, і будзем падаваць і патрабаваць магчымасці правесці нам масавы сход, мітынг супраць акумулятарнага заводу», – распавёў праваабаронца Раман Кісляк.

А пакуль, праціўнікі акумулятарнага заводу будуць працягваць карміць галубоў у нядзелі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»